«Аўтамат Калашнікава абвясцілі культурным брэндам Расіі»: гісторык Павел Церашковіч пра ідэалогію «рускага свету» і ціхі беларускі сабатаж

Главное
Пуцін і Лукашэнка на востраве Валаам. 2024 год. Скрын відэа t.me/pul_1

У Вільні прайшла публічная лекцыя гісторыка, культурнага антраполага Паўла Церашковіча «Беларусь vs «Рускі свет»: супраціў хватцы Крамля».

Гісторык пералічыў пяць слупоў ідэалогіі «рускага свету», назваў асноўных праваднікоў яго ў Беларусі, а таксама расказаў, якім чынам Расія выкарыстоўвае інструменты «мяккай сілы» — разнастайныя фонды і арганізацыі, праз якія распаўсюджвае свае ідэі.

Павел Церашковіч таксама прааналізаваў, наколькі ўзмацнілася культурная экспансія Расіі ў нашу краіну і як на гэта рэагуе беларускае грамадства.

Публікуем размову з невялікімі скарачэннямі.

«Аўтамат Калашнікава абвясцілі культурным брэндам Расіі»: гісторык Павел Церашковіч пра ідэалогію «рускага свету» і ціхі беларускі сабатаж
Шапка Манамаха ў Аружэйнай палаце. 2013. Паводле даследаванняў некаторых гісторыкаў, гэта шапка з’яўляецца жаночым галаўным уборам, а не падарункам візантыйскага імператара Канстанціна Манамаха.

Пяць слупоў ідэалогіі «рускага свету»

Месіянская роля Расіі

Канцэпцыя рускага месіянізму ўзнікла ў ХV стагоддзі, калі Канстанцінопаль быў захоплены туркамі, што азначала знікненне дзяржавы, якая б абараняла праваслаўны свет. Маскоўскім княствам тады кіраваў вялікі князь Іван ІІІ, які, ажаніўшыся з пляменніцай апошняга візантыйскага імператара Сафіяй Палеалог, стаў прэтэндаваць на ролю пераемніка візантыйскіх імператараў.

У якасці пасагу ён узяў герб Візантыйскай імперыі — двухгаловага арла.

Аднак гэтага здавалася недастатковым, і каб пацвердзіць, што Маскоўскае княства з’яўляецца спадкаемцам Візантыйскай імперыі, з’явілася некалькі фальсіфікацый: шапка Манамаха, грамата Аляксандра Македонскага, легенда пра паходжанне маскавітаў ад аднаго з сыноў Ноя.

Аднак самую галоўную ролю ў фармаванні ідэалогіі «рускага свету» адыграў тэкст пскоўскага манаха Філафея пра трэці Рым, у якім напісана, што пасля падзення двух Рымаў — старажытнага і Канстанцінопаля, Масква становіцца трэцім Рымам.

Аднак парадку ў Расіі няма, і калі так усё далей і будзе, то і Расія знікне.

Тэкст перайначылі і сталі развіваць ідэю, што Масква — гэта трэці Рым, а чацвёртаму не бываць. І таму Масква павінна кіраваць усім светам.

Так быў закладзены пачатак рускага месіянізму.

«Аўтамат Калашнікава абвясцілі культурным брэндам Расіі»: гісторык Павел Церашковіч пра ідэалогію «рускага свету» і ціхі беларускі сабатаж
Помнік Льву Гумілёву ў двары факультэта Усходняй філалогіі СПбГУ, адкрыты ў 2015 годзе. Фота: wikipedia

Еўразійства

У параўнанні з рускім месіянізмам канцэпцыя еўразійства адносна новая. Яна ўзнікла ў міжваенны перыяд у асяроддзі рускіх белых эмігрантаў, якія жылі ў асноўным у Еўропе. Самыя вядомыя з іх — гэта князь Мікалай Трубяцкой і Пётр Савіцкі, якія вылучылі ідэю пра тое, што Расія — з’яўляецца не падобнай да іншых асобнай цывілізацыяй, якая ўзнікла ў выніку сінтэзу, як яны пісалі, лесу і стэпу. То-бок, аседлага і качавога насельніцтва.

Стваральнікі еўразійскай канцэпцыі сцвярджалі, што татара-мангольскае іга, якое раней падавалася як захопніцкае, насамрэч было саюзам, а Чынгізхан і Батый — героі рускай гісторыі, вялікія інтэгратары, якія аб’ядналі Еўразію.

Трубяцкой і Савіцкі лічылі, што на прасторы былой Расійскай імперыі павінна скласціся еўразійская дзяржава, якая будзе супрацьстаяць Захаду. Аўтаркічная і таталітарная, з дзяржаўнай эканомікай, а кіраваць ёй будуць духоўныя лідары.

Гэта канцэпцыя атрымала далейшае развіццё ў працах Мікалая Гумілёва, які ў сталінскім лагеры кантактаваў з Савіцкім.

Гумілёў таксама лічыў, што Русь — гэта сімбіёз качэўнікаў і земляробаў, што яна павінна супрацьстаяць Захаду. Ён распрацаваў ідэю пра тое, што чалавецтва складаецца з этнасаў, якія з’яўляюцца не сацыяльнымі супольнасцямі, а біялагічнымі, як у жывёльным свеце. Этнас нараджаецца, расце, потым наступае гераічнае юнацтва, пасля — спеласць, а пасля пачынаецца распад этнасу, ад якога застаецца толькі памяць. Гумілёў пісаў, што сярэдні час развіцця этнасу 1200 гадоў.

Чаму я звяртаю ўвагу на Гумілёва? Таму што Пуцін ніколі не цытаваў Трубяцкога і Савіцкага, а Гумілёва цытуе дастаткова часта. Ён пранікся ідэяй узросту этнасу і за пару месяцаў да пачатку вайны з Украінай на пасяджэнні дыскусійнага клуба «Валдай» уздымаў пытанне: ці рускія прайшлі ступень спеласці, даросласці, ці яны яшчэ маладыя і на штосьці здольныя?

Чацвёрты прадстаўнік еўразійства — філосаф Аляксандр Дугін, які ў маладосці ўваходзіў у нацысцкія маскоўскія групоўкі, а ў 1990-я стаў выкладаць, у тым ліку курс па еўразійстве ў Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі. Там жа ён выдаў сваю першую кніжку «Асновы геапалітыкі», а пазней — яшчэ 77 кніг. Сярод іх найбольш важная — «Чацвёртая палітычная тэорыя». Відавочна, што Пуцін кажа і робіць тое, пра што пісаў Дугін раней.

Паводле Дугіна, сэрцам будучай імперыі будзе руская нацыя, якую павінны выхоўваць у духу нацыянальнай выключнасці. Падобныя рэчы пісаў Гітлер у «Mein Kampf»…

Дугін піша, што галоўны вораг Расіі і еўразійства — англасаксы, атлантычная ідэалогія, якую неабходна знішчыць, як і тое, што гэта ідэалогія навязвае людзям індывідуальнасць. Бо ў еўразійскай імперыі нацыя — усё, чалавек — нішто.

Ён прапануе, каб рускія ў рэшце рэшт адчулі сябе нацыяй, ім трэба цалкам адмовіцца ад сваёй індывідуальнасці, у тым ліку ад сваіх імёнаў.

І вось калі рускі будзе называцца «рускі №45», «рускі №50» і гэтак далей, вось тады рускія стануць нацыяй. Нават Гітлер да такога не дайшоў у сваіх разважаннях і ў сваёй практыцы. Гэта чысцейшай формы фашызм.

«Еўразійства» — гэта рускі фашызм.

«Аўтамат Калашнікава абвясцілі культурным брэндам Расіі»: гісторык Павел Церашковіч пра ідэалогію «рускага свету» і ціхі беларускі сабатаж
У Кіеве на кніжным Арсенале ў 2016 годзе прадавалі кнігі расійскага філосафа Аляксандра Дугіна. Пасля негатыўнай рэакцыі ўкраінскай грамадскасці продаж гэтых выданняў прыпынілі. Фота: obozrevatel.com

Геапалітыка

Геапалітыка — гэта псеўданавука, якая распрацоўвалася ў другой палове ХІХ стагоддзя, галоўным чынам у Германіі. Галоўны сэнс гэтай навукі ў тым, што прастора, у якой жыве чалавек, вызначае тое, як ён сябе паводзіць, і тое, які палітычны лад тут складаецца.

Нямецкі навуковец Фрыдрых Ратцэль пастуляваў, што існуе два гатункі дзяржаў. Ёсць дзяржавы акіянічныя, то-бок размешчаныя па берагах акіянаў і мораў, дзе людзі галоўным чынам займаюцца гандлем. А там, дзе гандаль, там патрэбныя дэмакратычныя формы кіравання. Каб кіраваў той, хто лепш гэтаму гандлю спрыяе. І ёсць дзяржавы мацерыковыя, для якіх лепшая форма кіравання — дэспатыя. Германію, нягледзячы на тое, што яна мае выхад да мора, ён лічыў мацерыковай дзяржавай, таму яна павінна быць аўтарытарнай. Паміж гэтымі дзяржавамі, як тлумачыў навуковец, ідзе няспынная барацьба.

У міжваенны перыяд у Германіі быў яшчэ адзін навуковец, які мае выключнае значэнне для нашай тэмы, Карл Хаўсхофер, які, развіваючы падобныя геапалітычныя ідэі, дайшоў да думкі, што немцам цесна жыць на сваёй зямлі, таму натуральным чынам ім трэба рассяляцца, а там, дзе не даюць рассяляцца, трэба ўжываць сілу.

Менавіта Хаўсхофер вылучыў тэрмін «жыццёвая прастора». Калі нацысты прыйшлі да ўлады, ён стаў дырэктарам інстытута геапалітыкі і далей прасоўваў свае думкі…

Карл Хаўсхофер, у адрозненне ад Гітлера, лічыў, што з Расіяй не трэба ваяваць, а трэба заключыць мір і разам змагацца з ненавіснымі англа-саксамі.

Яшчэ адзін прадстаўнік, важны для фармавання расійскай ідэалогіі, — брытанскі навуковец Хэлфорт Макіндэр, які лічыў, што ў Еўразіі ёсць такая «зямля ў сэрцы» — Хартленд, яна размешчана на тэрыторыі Паўднёвай Сібіры, Казахстана, Паволжа. І той, хто кантралюе Хартлэнд, будзе кіраваць усім светам. Але пры гэтым неаднаразова дадаваў, што каб кантраляваць Хартлэнд, трэба перадусім кантраляваць Усходнюю Еўропу.

Сёння да гэтых псеўданавуковых канцэпцый ніхто сур’ёзна не ставіцца, апроч адной дзяржавы — Расіі.

З падачы Дугіна ўсе гэтыя тэксты выдадзеныя ў нулявыя гады на рускай мове.

Карла Хаўсхофера друкавалі двойчы і нават падрыхтавалі кніжку пра яго пад назвай «Змрочны геній III Рэйха», у якой напісана, што Гітлер дарэмна не паслухаў Хаўсхофера. Калі б Гітлер са Сталіным заключылі саюз, то кіравалі б усім светам.

З падачы Дугіна ў Расіі пачалі масава выдаваць падручнікі па геапалітыцы. Усяго я налічыў 44 такіх падручніка. Геапалітыка з’яўляецца афіцыйнай дысцыплінай на падрыхтоўцы дзяржаўных служачых — па праграмах па дзяржаўным кіраванні.

Палова кніжкі Дугіна па геапалітыцы прысвечана таму, як Расія будзе змяняць свет, мяняць межы і цэлыя дзяржавы. Там сказана, што ў першую чаргу трэба захапіць Украіну.

«Аўтамат Калашнікава абвясцілі культурным брэндам Расіі»: гісторык Павел Церашковіч пра ідэалогію «рускага свету» і ціхі беларускі сабатаж
Пуцін на паседжанні дыскусійнага клуба «Валдай» 2022. Скрын відэа.

Інструменталізацыя гісторыі

Чацвёртая нага гэтай канструкцыі — інструменталізацыя гісторыі. Гэтым у Расіі займаюцца вядучыя палітыкі, у тым ліку — Пуцін. За паўгады да нападу на Украіну быў надрукаваны яго артыкул «Аб гістарычным адзінстве рускіх і ўкраінцаў» — класічны прыклад інструменталізацыі гісторыі.

Факты ў ім падтасаваны такім чынам, каб даказаць, што Расія мае гістарычнае права на тое, каб акупіраваць Украіну. Нібы ўкраінцы — штучная нацыя, якую выдумала аўстра-венгерская выведка ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. А на самай справе гэта рускія людзі.

«Аўтамат Калашнікава абвясцілі культурным брэндам Расіі»: гісторык Павел Церашковіч пра ідэалогію «рускага свету» і ціхі беларускі сабатаж
Святкаванне 9 мая 2018 года ў Расіі. Скрын відэа.

Культ вайны

Культ вайны вырас з культу перамогі. У самой Расіі яго называюць «победобесием».

Ён выяўляецца ў бясконцай колькасці серыялаў, песняў, помнікаў, у «бессмертном полку», мілітарызаваных карнавалах, калі вайсковую форму апранаюць не толькі дарослыя, але і надзяваюць на немаўлят… Яго апафеоз — культ зброі. У цэнтры Масквы паставілі помнік Калашнікаву, а аўтамат Калашнікава абвясцілі культурным брэндам Расіі. Усё робіцца дзеля таго, каб вайна ў свядомасці стала нормай, не адрыўнай ад жыцця.

Я сам нарадзіўся ў СССР, выхоўваўся ў савецкай школе і як гісторык цудоўна ведаю, якую агрэсіўную палітыку праводзіў Савецкі Саюз. Але на ўзроўні прапаганды і агітацыі заўсёды казалі, што СССР змагаецца за мір.

Увялі танкі ў Прагу — «мы змагаемся за мір», увялі войскі ў Афганістан — «мы змагаемся за мір».

Цяпер у Расіі адкрыта кажуць, што вайна — гэта абсалютна нармальнае становішча рускага народа. Дугін даводзіць, што рускія заўсёды ваявалі, а калі не ваявалі, то гнілі. Таму яны павінны ваяваць і далей.

Дугін піша, што вайна — рухавік прагрэсу.

Вось гэта ідэалогія рускага свету, якая накіравана на тое, каб пабудаваць новую супердзяржаву, якая будзе кіраваць усім светам.

«Аўтамат Калашнікава абвясцілі культурным брэндам Расіі»: гісторык Павел Церашковіч пра ідэалогію «рускага свету» і ціхі беларускі сабатаж
Першакласнікі гродзенскай гімназіі на экскурсіі ў Рускім доме ў Гродне. Скрын Інстаграм-старонкі.

«Рускі свет» як «мяккая сіла»

Сама гэтая назва — «рускі свет» — адносна новая. У сярэдзіне 1990-х гадоў тэрмін з’яўляецца ў асяроддзі філосафаў, якія пісалі што «русский мир» — гэта сеткавая супольнасць людзей, якія размаўляюць на рускай мове, і яна значна большая за саму Расію.

Філосаф Шчадравіцкі пісаў, што палова «рускага свету» жыве за межамі РФ і Расія павінна падтрымліваць людзей, якія размаўляюць на рускай мове па-за межамі дзяржавы.

Прыкладна ў 2007 годзе расійскі акадэмік, дырэктар інстытута этналогіі Валерый Цішкоў удакладняе канцэпцыю «рускага свету», вызначыўшы яе як супольнасць людзей, адданых рускай і савецкай культуры, якія размаўляюць па-руску і падтрымліваюць палітыку Расіі. І далей Цішкоў піша, што Расія ў тых выпадках, калі чвэрць насельніцтва нейкай краіны размаўляе на рускай мове, павінна дамагацца, каб руская мова стала другой дзяржаўнай, а калі не, то трэба, каб адбылася федэралізацыя гэтай дзяржавы. І гэта слова ў слова тое, што ў 2015 годзе Расія патрабавала ад Украіны падчас Мінскіх пагадненняў.

Уладзімір Пуцін пачынае ўжываць тэрмін «рускі свет» з 2008 года. І тады ўзнікаюць інстытуты «мяккай сілы», накіраваныя на прасоўванне «рускага свету» — «Рассупрацоўніцтва», Фонд «Русский мир» і фонд імя Гарчакова.

У 2014-м у Сімферопалі, Данецку і Луганску офісы «Рассупрацоўніцтва» ператварыліся ў склады са зброяй.

І каб працягнуць да канца гэтую тэму: праз пару месяцаў пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну былы вучань філосафа Шчадравіцкага Цімафей Сяргейцаў надрукаваў артыкул пад назвай «Што Расія павінна зрабіць з Украінай». У ім ён піша, што ў Расіі няма тэхнічных магчымасцяў знішчыць усіх украінцаў, таму патрэбна ўсталяваць акупацыйную ўладу. Будзе знішчана назва «Украіна», украінская мова, гісторыя і г. д. Аснова рускай акупацыйнай улады — гэта офісы «Рассупрацоўніцтва».

Вось дзеля чаго яны ствараюцца…

«Аўтамат Калашнікава абвясцілі культурным брэндам Расіі»: гісторык Павел Церашковіч пра ідэалогію «рускага свету» і ціхі беларускі сабатаж
Выязное пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі ў Свята-Елісавецінскім манастыры пад кіраўніцтвам Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. 29 сакавіка 2024 года. Фота: sb.by

Як «рускі свет» замацоўваецца ў Беларусі?

У Беларусі дзейнічаюць усе гэтыя тры формы «мяккай сілы».

Звычайна ў тых краінах, дзе прысутнічае «Рассупрацоўніцтва», працуе адзін-два офісы. У Беларусі іх пяць — у Мінску і ўсіх абласных цэнтрах, акрамя Віцебска.

Сваю дзейнасць не афішуюць.

Вядома, што «Рассупрацоўніцтва» вельмі моцна актывізавалася ў Беларусі пасля 2020 года і працуе з фокусам на моладзь. За чатыры апошнія гады яны павялічылі колькасць стыпендый для навучання ў расійскіх універсітэтах у 18 разоў. У гэтым годзе беларусам было прадастаўлена 1300 стыпендый.

Вядома, што з мінскім офісам «Рассупрацоўніцтва» звязана такая арганізацыя, як «Асацыяцыя суайчыннікаў Расіі». У іх ёсць адкрыты сайт, выключна таксічны і антыбеларускі, і там можна знайсці звесткі, што гэта асацыяцыя ўключае ў сабе каля 20 арганізацый па ўсёй Беларусі.

Фонд «Русский мир» звычайна стварае не офісы, а кабінеты. Вядома, што гэтыя кабінеты працуюць дастаткова актыўна ў школах і ва ўніверсітэтах.

У фонда публічнай дыпламатыі імя Гарчакова ёсць два офісы за мяжой: адзін у Тбілісі, другі — у Мінску. Яны выдаюць стыпендыі маладым навукоўцам. І ў той сітуацыі, калі моладзь з Беларусі пазбаўлена магчымасці атрымліваць заходнія гранты, шмат хто звяртаецца да іх.

У Беларусі ёсць унутраныя прыхільнікі рускага свету. Гэта не сацыяльныя ці тэрытарыяльныя групы, а асобныя постаці.

Сярод VIP-персонаў — Наталля Качанава. Гадоў 6-7 таму яна правяла замену рэктараў у беларускіх універсітэтах, былі пастаўлены тыя, хто падтрымлівае ідэі «рускага свету».

Вядома, што яна закрывала беларускамоўныя школы, нават у вясковай мясцовасці.

Качанава непасрэдна прымае ўдзел у актыўнасцях фонда імя Гарчакова, у тым ліку ў мерапрыемствах, якія гэты фонд праводзіць.

Сярод сілавых структур прыхільнікаў «рускага свету» вылучаецца ГУБАЗіК і ГУБОПік з іх асаблівым стаўленнем да беларускай мовы. Ёсць задакументаваныя ўспаміны затрыманых, якія згадваюць, што бачылі ў іх кабінетах знакі расійскай агрэсіі супраць Украіны, расійскія сцягі і партрэты Пуціна.

«Аўтамат Калашнікава абвясцілі культурным брэндам Расіі»: гісторык Павел Церашковіч пра ідэалогію «рускага свету» і ціхі беларускі сабатаж
У Свята-Елісавецінскім манастыры 9 мая правялі хрэсны ход, сумешчаны з «Бессмяротным палком». Скрыншот відэа Свята-Елісавецінскага манастыра.

Ідэі «рускага свету» актыўна прасоўвае руская праваслаўная царква. Асабліва вылучаецца Свята-Елісавецінскі манастыр — не проста правайдар гэтай ідэалогіі, а кропка зборкі, дзе ўсё і адбываецца. Менавіта ў Свята-Елісавецінскім манастыры Качанава праводзіць нарады, куды запрашаюцца для каардынацыі дзеянняў па прасоўванні ідэй «русского мира» святарства, кіраўнікі сілавых міністэрстваў, кіраўнікі Міністэрстваў культуры і адукацыі.

Вядома, што ў Свята-Елізавецінскім манастыры ёсць летнікі для дзяцей, у якіх спалучаюцца праваслаўная прапаганда, ідэалогія «рускага свету» і вайсковая падрыхтоўка.

«Аўтамат Калашнікава абвясцілі культурным брэндам Расіі»: гісторык Павел Церашковіч пра ідэалогію «рускага свету» і ціхі беларускі сабатаж
Аляксандр Лукашэнка 18 кастрычніка 2022 года сустрэўся з расійскім філосафам і грамадскім дзеячам Аляксандрам Дугіным. Фота: president.gov.by.

Як рэагуе на прасоўванне «рускага свету» беларуская ўлада?

Што тычыцца пранікнення ідэалогіі рускага свету сярод палітычнай эліты Лукашэнкі, то сітуацыя там не такая адназначная. Ёсць людзі, якія гэта падтрымліваюць, ёсць тыя, якія не падтрымліваюць. Сярод тых, хто актыўна прасоўвае еўразійскую ідэалогію, — прапагандыст Дзермант, які надрукаваў кнігу пра тое, што Беларусь належыць да Еўразіі. Гэта, бадай што, адзіны такі сур’ёзны тэкст, які спрабуе абгрунтаваць прыналежнасць Беларусі да Еўразіі. Падобных тэкстаў больш не з’яўлялася.

Лукашэнка асабіста сустракаўся з Дугіным у 2022 годзе. Я падкрэслю: афіцыйна Дугін ніколі не сустракаўся з Пуціным, а вось з Лукашэнкам сустрэча была.

Не вядома, пра што там ішла гаворка, але пасля нічога прынцыпова ў Беларусі не змянілася ў адносінах да еўразійства.

З іншага боку, ёсць прыкметы таго, што элементы гэтай ідэалогіі пранікаюць у сістэму адукацыі. У 2022 годзе ў ВНУ быў уведзены курс «Сучасная палітычная эканомія», у спісе абавязковай літаратуры — кніга аднаго з ідэолагаў «рускага свету» Аляксандра Дугіна «Асновы геапалітыкі». Параграфы па геапалітыцы ўключаны і ў школьныя падручнікі за 10 клас.

З іншага боку, Марзалюк пасля выхаду кніжкі Дзерманта публічна заявіў, што мы не Еўразія, а еўрапейцы, у тым ліку ўкраінцы і рускія.

Больш за тое, летась у Акадэміі кіравання пры адміністрацыі Лукашэнкі была абаронена доктарская дысертацыя пра ўплыў «рускага свету» на беларускае насельніцтва. Аўтарка Алейнікава сцвярджае, што каштоўнасці «рускага свету» — ідэя месіянства, барацьбы з Захадам — непрыдатныя для Беларусі. Беларусы гэтага не прымаюць і не разумеюць.

Так што там ёсць розныя групы, якія па-рознаму рэагуюць. І бачна, што ёсць група, якая па-беларуску, па-партызанску займаецца сабатажам таго, што прапануе Расія.

Напрыклад, у 2022 годзе Дзмітрый Мядзведзеў надрукаваў артыкул пра Польшчу, падобны да артыкула Пуціна пра Украіну. Там аўтар піша, што дарэмна палякі нас абвінавачваюць у падзелах Рэчы Паспалітай. Мы яе не дзялілі, а проста забралі сваё, тое, што нам належыць па праве, — Украіну і Беларусь. І Беларусі прапаноўвалі адзначыць урачыста 250-годдзе, як ён пазначыў, вяртання Беларусі ў родную расійскую гавань. Рэакцыя Мінска — цішыня.

Другая ідэя — стварыць новыя падручнікі па гісторыі, каб у гэтых падручніках Беларусь выглядала як частка Еўразіі, — таксама не была падтрыманая

Яшчэ можна згадаць, як Бондарава з Дзермантам спрабавалі пайсці ў публічную палітыку. Яны ўдзельнічалі ў выбарах без ніякіх вынікаў. То-бок бачна, што ўсё ж ва ўладзе ёсць пэўнае кола, якое разумее небяспеку «рускага свету» і спрабуе ад яго дыстанцавацца.

«Аўтамат Калашнікава абвясцілі культурным брэндам Расіі»: гісторык Павел Церашковіч пра ідэалогію «рускага свету» і ціхі беларускі сабатаж
Пратэст у Беларусі супраць інтэграцыі з Расіяй. 2019 год. Фота: svaboda.org

Як ідэі «рускага свету» ўспрымае беларускае грамадства?

У мінулым годзе сацыялагічнай лабараторыяй Андрэя Вардамацкага было праведзена апытанне, якое закранае пытанне, наколькі глыбока ідэалогія «рускага свету» пранікла ў грамадскую думку беларусаў.

Згодна з гэтым апытаннем, беларускае грамадства падзелена на тры групы: праеўрапейскую (21%), прасавецкую (31%) і інертную (48%).

Праеўрапейская частка грамадства — гэта людзі, у якіх сфармавалася ўстойлівая нацыянальная свядомасць, яны з’яўляюцца стабільнымі праціўнікамі рэжыму і арыентаваныя на еўрапейскія каштоўнасці.

Наступная група — прасавецкія. Яны падтрымліваюць дыктатуру і арыентаваныя на расійскія і савецкія каштоўнасці.

І трэцяя група — тыя, хто не вызначыўся, іх нацыянальная самасвядомасць няўстойлівая. Гэта група ўвогуле пазбягае дакладных самавызначэнняў.

Але канчатковую мэту «рускага свету» — знішчэнне Беларусі як самастойнай дзяржавы, падтрымлівае не больш за 4 адсоткі рэспандэнтаў.

Апытанне Вардамацкага пацвярджае высновы абароненай дысертацыі пра «рускі свет». Беларусы, нават тыя, хто падтрымлівае Лукашэнку, не лічаць Захад сваім ворагам. Яны не падтрымліваюць ідэю рускага месіянізму. І нават калі задаецца пытанне пра стаўленне да Польшчы, то да паловы гэтай групы адказваюць, што палякі — сяброўскі народ.

З гэтага пункту гледжання існуе кансэнсус.

Погляды ўсіх трох груп пазітыўна ацэньваюць гісторыю Беларусі часоў Вялікага Княства Літоўскага. То-бок практычна ўсе беларусы разглядаюць ВКЛ як частку сваёй слаўнай беларускай гісторыі.

Праблемы пачынаюцца з гістарычнымі героямі. Умоўна кажучы, «ябацькі» і тая частка рэспандэнтаў, якая не вызначылася, часта называюць сваім героямі Кацярыну ІІ, Сталіна, Пятра І і іншых персанажаў расійскай гісторыі.

Вынікам расійскай інструменталізацыі гісторыі з’яўляецца ідэалагічная фармулёўка пра трыадзіны народ. Значная частка беларусаў, і тыя, хто за Лукашэнку, і тыя, хто не вызначыўся, лічаць, што беларусы — гэта частка трыадзінага народа.

Відавочна, што «рускі свет» прасоўваецца ў Беларусі дастаткова актыўна, але калі ўлічыць нічым не абмежаваную прысутнасць расійскай прапаганды, беларусы яму пакуль што супраціўляюцца.

«Аўтамат Калашнікава абвясцілі культурным брэндам Расіі»: гісторык Павел Церашковіч пра ідэалогію «рускага свету» і ціхі беларускі сабатаж
Нясвіжская ратуша была ўзведзена ў канцы ХVI стагоддзя па праекце італьянскага архітэктара на сродкі гараджан. Фота: wikipedia.org

Як супрацьстаяць «рускаму свету»?

Там, дзе супольнасць мае ўстойлівую ідэнтычнасць, там «рускаму свету» няма чаго рабіць

Адкрыта змагацца з рускай прапагандай сёння бессэнсоўна, таму што расійская прапагандысцкай машына — самая моцная, якая калі-небудзь існавала ў гісторыі. Нават у СССР і фашысцкай Германіі такой моцнай, развітай і гідкай прапагандысцкай машыны не было. Таму адзінае, што нам застаецца: сканцэнтравацца на ўмацаванні сваёй ідэнтычнасці і пераконваць саміх беларусаў, што мы належым не да Еўразіі, а да Еўропы.

У беларусаў вяршэнства права літаральна ў крыві. Як пазнаць сапраўднага беларуса: гэта чалавек, які сярод ночы на абсалютна пустой вуліцы чакае зялёнага сігналу святлафора.

Нам трэба дэманстраваць сабе і ўсяму свету, што Беларусь — гэта прастора мультыкультурнасці, рэлігійнай і этнічнай талерантнасці.

І мы маем гэтаму гістарычныя прыклады.

У ХVІ-ХVІІ стст. тутэйшыя мусульмане перайшлі на беларускую мову, мы ведаем пра гэта таму, што захаваліся іх тагачасныя кнігі – кітабы, дзе беларускія словы запісвалі арабскімі літарамі.

У 1920-х гутарковая мова яўрэйскай меншасці ідыш, якая на самай справе дыялект нямецкай мовы, у БССР становіцца дзяржаўнай мовай разам з беларускай, рускай і польскай. Беларусь была адзіным месцам у свеце, дзе ідыш атрымаў дзяржаўны статус.

Прыклады нашай еўрапейскасці – сярэднявечныя замкі, ратушы – сімвал магдэбургскага права, гісторыя нашай архітэктуры і мастацтва. А таксама Біблія на роднай мове, якая з’явілася ў пачатку ХVІ стагоддзя, раней за пераклад Марціна Лютэра.

«Аўтамат Калашнікава абвясцілі культурным брэндам Расіі»: гісторык Павел Церашковіч пра ідэалогію «рускага свету» і ціхі беларускі сабатаж
Старонка Бібліі Скарыны. Фота: Фота: .1prof.by

І безумоўна, наша ідэнтычнасць звязаная з нашай мовай, якая сёння становіцца мовай свабоды, дэмакратыі і супраціву рэжыму. Мы з ім у літаральным сэнсе размаўляем на розных мовах.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: