На поўдні Італіі ў горадзе Сціла рэгіёна Калабрыя працавалі чатыры беларускія мастакі. У выніку былі напісаны мастацкія творы, два з якіх з’яўляюцца стрыт-артам — вулічным мастацтвам у грамадскай прасторы.
Куратарка праекта Вольга Кліп расказала reform.news, што ў горад Сціла яна прыязджала яшчэ ў дзяцінстве, па Чарнобыльскай праграме, а цяпер вярнулася і пры падтрымцы праграмы «Мост» запрасіла арт-менеджара і трох мастакоў — Doctor Oy, Ілону Касабуку і Ганну Сілівончык. Да іх далучыўся і Андрэй Бусел з праектам Hutkasmachnaā.
Горад Сціла знакаміты тым, што ў ім нарадзіўся знакаміты філосаф і мысліцель Позняга Адраджэння Тамаза Кампанэла, вядомы ўтапічным трактатам «Горад Сонца», у якім выклаў сваё бачанне ідэальнай дзяржавы.
Праз гарадскую мэрыю Вольга выйшла на мясцовую недзяржаўную арганізацыю, якая займаецца развіццём рэгіёна, і прапанавала супрацу ў сферы сучаснага мастацтва.
Першы твор з’явіўся на бетоннай пляцоўцы, каторая была пабудавана ў лагчыне, верагодна, дзеля ўмацавання скальнай структуры. «Пры гэтым архітэктары, — расказвае Вольга Кліп, — вырашалі гэтую праблему, па ўсёй верагоднасці, натхняючыся ідэямі Тамаза Кампанэлы аб архітэктуры Горада Сонца, які развіваецца па спіралі.
Аднак гэта канструкцыя выглядае іншародна для горада, і нават мясцовыя жыхары лічаць яе пачварнай. Нашай ідэяй было змяніць гэта ўражанне, меркавалася, што гэта пляцоўка стане цэнтрам масавых мерапрыемстваў. Мы вырашылі ажывіць гэта месца пры дапамозе сучаснага мастацтва. Мясцовыя жыхары і мэрыя адразу пайшлі насустрач і далі нам карт-бланш. Безумоўна, мы з імі ўзгаднялі, што мы плануем там зрабіць, і ўсе пагадзіліся. Пабачым, як гэта паўплывае на развіццё гэтага месца».
Андрэй Бусел стварыў даволі аскетычную, на першы погляд, працу, у якой сцісла расказвае, што такое мурал. Аднак яго твор грунтуецца на тэорыі Тамаза Кампанэла, які лічыў, што навучальныя ўстановы трэба ліквідаваць, а ўся адукацыя павінна адбывацца на вуліцах горада, а яго сцены павінны стаць энцыклапедыяй. Як мастак стрыт-арта Андрэй уключаецца ў гэты вулічны навучальны працэс.
Другі твор стрыт-арту быў выкананы Doctor Oy. Яго роспіс прыўносіць жыццё ў дзіцячую пляцоўку на плошчы больш за 400 квадратных метраў, якая датуль здавалася закінутай, пры гэтым мастак выкарыстоўвае сваю пазнавальную стылістыку, у якой выконвае творы і на вуліцах гарадоў свету, і на кубках, майках і ў станковых фарматах.
«Яго мурал, з аднаго боку, увасабляе чалавечка, які нібы вылазіць пагуляць на дзіцячую пляцоўку, але таксама нагадвае салярны знак, сімвал сонца ў Горадзе Сонца», — дзеліцца ўражаннямі Вольга Кліп.
Ганна Сілівончык стварыла відэа, якое яднае фрагменты сярэднявечнай канцэпцыі Горада Сонца з сацыялістычнымі і камуністычнымі праектамі ХХ стагоддзя. Відэа яна зрабіла ў Сціле і на беразе Іянічнага мора ля падножжа гары, на якой размясціўся горад.
Ілона Касабука напісала серыю пейзажаў горада Сціла, прычым колеравая гама горада аказалася цалкам адпаведнай колераўспрыманню мастачкі. Таксама яна правяла майстар-клас для дарослых — на адваротным баку вялізнага абруса ўдзельнікі напісалі краявіды ў намаляваных мастачкай рамках. Звычайныя гараджане нечакана для сябе сталі мастакамі.
«Кожны з мастакоў правёў майстар-клас для кам’юніці горада. Гэта было важным складнікам усёй рэзідэнцыі, паколькі мне было важна ацаніць водгук мясцовай публікі на арт-мерапрыемствы. І такога водгуку я не сустракала ў вялікіх гарадах», — падсумоўвае праект Вольга Кліп.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram