«Выжыванка Руфіны Базловай» — прэм’ера чацвёртага фільма з цыкла «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі» адбудзецца 17 мая ў Варшаве, у Музеі Вольнай Беларусі. У ім раcпавядаецца пра выжыванку з Алесем Пушкіным, якая захоўваецца ў музеі, і пра праект #FramedinBelarus.
Галоўная гераіня навелы — беларуска-чэшская мастачка Руфіна Базлова, якая атрымала міжнародную вядомасць дзякуючы беларускім выжыванкам — серыі прац, у якіх выкарыстоўваецца тэхніка традыцыйнай вышыўкі для фіксацыі грамадска-палітычных падзей у рэгіёне.
Для праекта #FramedinBelarus Руфіна стварае своеасаблівыя партрэты незаконна асуджаных беларусаў і беларусак. Мастачка малюе эскізы ў стылі беларускай вышыванкі, перапрацоўваючы гісторыю кожнага зняволенага ў схему для вышыўкі: у цэнтры змяшчае фігуру палітвязня, імя, прозвішча і візуальны аповед пра тое, чаму чалавек знаходзіцца ў турме. У праект залучаюць іншых людзей — трэба зарэгістравацца праз адмысловую форму на framedinbelrus.net. Тады ўдзельніку высылаюць эскіз вышыўкі, і ён можа вышыць твор паводле прапанаванай схемы. Усе працы плануюць сабраць разам у выглядзе вялікай мазаікі.
Пацікавіліся ў Руфіны Базловай, як выпрацавалася форма і ўзнікла назва яе пратэснага мастацтва, як праект ператварыўся ў калектыўны з удзелам людзей з усяго свету, і што можа нас сёння падтрымаць.
Распавесці гісторыю праз беларускі арнамент
— У пэўны час у Беларусі з’явіўся вялікі інтарэс да народных арнаментаў, сталі стварацца слоўнікі з ужо існуючымі ці навастворанымі сімваламі. Таксама дзякуючы праектам Русі ці Паўла Белавуса гэтыя сімвалы вельмі хутка набывалі папулярнасць. Беларусы шукалі падставы самаідэнтыфікацыі ў традыцыйным арнаменце. Думаю, менавіта па гэтай прычыне ў 2009-м выйшла другое выданне кнігі Міхала Кацара пра беларускі арнамент. І ў ёй былі вышыўкі з птушкамі — у трох сюжэтах перададзена гісторыя кахання. Я глядзела на гэтыя малюнкі і бачыла ў іх своеасаблівы комікс.
Сам па сабе народны ўзор нясе ў сабе інфармацыю пра месца, людзей ці падзеі, да якіх ён быў створаны. Арнамент нібы запісвае інфармацыю, фіксуе гісторыю — як своеасаблівы код ці мова. Мяне гэта натхніла, і так з’явілася ідэя расказваць гісторыі праз традыцыйную вышыўку.
Важна адзначыць, што з 2008 года я жыву ў Чэхіі, і тут ніхто не разумеў, пра што «апавядае» беларускі арнамент. Таму мне захацелася зрабіць яго зразумелым за мяжой і захаваць асноўную ідэю пра кадаванне гісторый. Існуючых сымбаляў мне не хапала, і была патрэба стварыць новыя. Так я пачала маляваць піктаграмы ў стылі беларускай вышыўкі, каб адразу з першага погляду быў зразумелы змест і пры гэтым счытваўся культурны код.
У 2012 годзе я зрабіла вышытую комікс-кнігу на сукенцы, дзе першая і апошняя выявы былі аднолькавыя. Гэта быў прыдуманы мной фемінісцкі міф пра бясконцы цыкл нараджэння жанчын у прыродзе. І ўжо тады з’явілася вялікая цікавасць з боку замежнікаў.
Праз нейкі час я перастала займацца вышыўкай. Зацікавілася тэатрам і нават атрымала дыплом па сцэнаграфіі альтэрнатыўнага і лялечнага тэатраў у Акадэміі выканаўчых мастацтваў у Празе. Пэўны час прапрацавала ў гэтай сферы, зрабіла некалькі сумесных і аўтарскіх спектакляў.
Аднак у 2020-м мне захацелася вярнуцца да расповеду гісторый праз арнамент.
Я пачала рабіць накіды на нейкія фемінісцкія сюжэты ці на тэму ковіду, якая была тады вельмі вострай. Аднак паралельна, як і ўсе, я сачыла за тым, што адбываецца ў Беларусі.
Аднойчы я намалявала лекара ў масцы і раптам убачыла, што гэты чалавек вельмі падобны на пратэстоўца ў бандане. І тут прыйшло азарэнне! Вось жа яно: пра народную рэвалюцыю можна расказаць народнай жа вышыўкай! У той момант сышліся форма і ідэя.
Першапачаткова мне, вядома, бачылася, што гэта будзе нейкая закрытая і завершаная форма, ад пачатку і да канца расказаная гісторыя. Аднак гэта не атрымлівалася, не было закрыцця, не было канца, яго і цяпер па-ранейшаму няма. Ён адкрыты.
І тады я вырашыла, што буду фіксаваць тое, што адбываецца ў краіне, як летапісцы ці навіновы партал. Стварыла старонку ў Instagram і пачала туды выкладаць гэтыя працы з апісаннем на ангельскай мове. Так і пачаўся гэты праект — гісторыя беларускай выжыванкі.
Слова «выжыванка» ўзнікла з-за моўнай памылкі
— Што такое «выжыванка», не трэба падрабязна тлумачыць, гэта гульня двух слоў — вышываць і выжываць, гэта пра тое, што раней адбывалася з беларусамі і што адбываецца цяпер.
Раскажу, як утварылася гэта назва. У жніўні 2020 года ў мяне брала інтэрв’ю рэпарцёрка з Германіі. Яна была немка, але размаўляла па-руску, з акцэнтам. І гэты акцэнт так праявіўся, што замест «вышыванка» яна прамовіла «выжыванка». Я тады рассмяялася і сказала ёй, што гэта суперкласнае супадзенне. І з таго часу гэта серыя атрымала такую назву.
#FramedinBelarus
— У 2020 годзе, калі я пачала актыўна выкладаць свае працы ў Instagram, яны хутка сталі папулярнымі. Здавалася, што запыт на самаідэнтыфікацыю стаў яшчэ мацнейшым. Шмат людзей пісалі, што хацелі б вышыць нешта з маіх узораў. І я таксама разважала над тым, як развіваць праект, паглыбіць ідэю. У пачатку 2021 года я стала думаць пра тое, каб зрабіць праект калектыўным. Калі ўжо мая праца натхнёна беларусамі і народнай творчасцю, то чаму б не вярнуць яе людзям і зрабіць беларускую народную вышыўку міжнароднай?
Пратэсты тады, на жаль, cкончыліся, рэпрэсіі ўзмацніліся, а колькасць палітычных зняволеных імкліва расла. Было зразумела, што гэта стала найважнейшай тэмай, пра якую трэба было казаць. Інклюзія і салідарнасць людзей маглі стаць моцным інструментам.
Я пачала планаваць праект і зразумела, што нават калі людзі будуць дапамагаць вышываць, то з’явіцца шмат арганізацыйнай працы, і я адна не спраўлюся.
Тады я пачала шукаць, з кім скааперавацца. Напісала гістарычцы мастацтваў і куратарцы Сафіі Такар, якая даследавала крафтывізм і цікавілася жаночымі ручнымі рамёствамі з палітычным месіджам. Яе вельмі натхніла мая ідэя. Важна сказаць, што Сафія — з Малдовы, і для яе ўдзел у праекце з’яўляецца магчымасцю праявіць сваю салідарнасць з беларусамі.
Увосень 2021-га мы разам пачалі працу над калектыўным праектам #FramedinBelarus.
Як вынікае з назвы — «framed» у перакладзе з ангельскай азначае «абылганы», «несправядліва абвінавачаны», «загнаны ў рамкі» або «змешчыны ў рамкі» ў мастацкім кантэксце — праект прысвечаны палітвязням у Беларусі.
На пачатку мы ўсё рабілі інтуітыўна, у нас была класная ідэя і было натхненне, таму ўсё атрымалася. Я правяла першы варкшоп у Нарвегіі. Было відаць, што людзям вельмі цікава, яны хочуць удзельнічаць, каб падтрымаць палітычных зняволеных, ім здавалася, што нарэшце ў вышыўкі з’явіўся нейкі сэнс.
Потым пачалася вайна і праца спынілася, мы займаліся дапамогай Украіне.
Аднак калі мы ўжо пачалі гэты праект, і людзі былі ў ім зацікаўлены, то трэба было працягваць. У траўні 2022-га ў мяне пачыналася рэзідэнцыя ў Ахене, дзе была запланавана персанальная выстава. У гэтым германскім горадзе наша беларуская жаночая троіца (Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала) якраз атрымала прэмію Карла Вялікага. З мастачкай Верай Зусь, якая мяне туды паклікала, спецыяльна да гэтай падзеі мы зрабілі інсталяцыю з беларускім краявідам і трыма левітуючымі сукенкамі.
Кожная з іх была прысвечана адной з лаўрэатак і сімвалізавала частку беларускага грамадства. Каб прыцягнуць ўсеагульную ўвагу і да самога праекта, і да праблемы палітычных зняволеных у Беларусі, сумесна з усімі жадаючымі мы зрабілі хэпенінг: на працягу тыдня вышывалі па вуліцах горада, кожны дзень на новым месцы.
Галоўны спосаб, як распаўсюджваецца інфармацыя пра праект #FramedinBelarus — сарафаннае радыё. Удзельнікі дзеляцца дэталямі працэсу ў сваіх сацсетках ці вышываюць у нейкай публічнай прасторы, напрыклад, у самалёце, трамваі. Людзі цікавяцца і пытаюцца пра незвычайны сюжэт. І аўтары вышывак распавядаюць пра сваіх герояў, пра сітуацыю ў Беларусі і такім чынам распаўсюджваюць інфармацыю.
Мы таксама ладзім прэзентацыі, варкшопы, выставы, дзе расказваем пра праект і праблему палітвязняў. Калі казаць пра лічбы, за апошнія тры гады мы правялі 32 варкшопы, 15 выстаў і 25 розных прэзентацый, а ў праекце актыўна ўзялі ўдзел больш за 530 чалавек з 42 краін свету.
З часам нашая каманда разраслася, бо працы станавіцца ўсё больш. Мы будуем фізічны і дыгітальны архіў, камунікуем з удзельнікамі і партнёрамі. А рэпрэсіі, на жаль, не канчаюцца, толькі ўзмацняюцца.
«Палітычная вышыўка» ці крафтывізм?
— Часта маю працу адносяць да плыні крафтывізму. Паняцце «крафтывізм» узнікла са злучэння двух слоў — актывізм і craft, то-бок рамяство. Гэта калі з дапамогай нейкіх ручных рамёстваў — вышыўкі, вязання, шыцця — робяцца актывісцкія выказванні. Аўтарка паняцця «крафтывізм» — амерыканская даследчыца Бэтсі Грыр. Яна, дарэчы, таксама вышыла адну працу для нашага праекта.
У пэўным сэнсе тое, што я раблю, можна назваць крафтывізмам, але мне гэта не вельмі блізка. Напэўна, таму, што я працую не толькі з вышыўкай. Для мяне важна, каб тэхніка максімальна адпавядала ідэі. Цяпер гэта вышыўка. Я працую больш з канцэптам і сэнсамі, чым з самім рамяством, хоць з ім таксама. Думаю, можна сказаць, што зараз крафтывізм з’яўляецца важным інструментам у маёй працы. Маім спосабам прапанаваць людзям праявіць сваю салідарнасць праз вышыўку. Я разумею крафтывізм як магчымасць праявы для кожнага чалавека, не абавязкова мастака. Паняцце, якое я зараз выкарыстоўваю для сваёй дзейнасці, — «палітычная вышыўка».
Зваротная сувязь
— Праект #FramedinBelarus — калектыўны. Вельмі часта людзі ўдзельнічаюць у ім з пачуцця салідарнасці. Гэта значыць, яны гэта ўспрымаюць як нейкі спосаб падтрымаць палітычных зняволеных. Мы даем удзельнікам інфармацыю, як можна заданаціць у фонды або напісаць лісты, паштоўкі, падтрымаць сем’і палітычных зняволеных і гэтак далей.
Мы просім, каб удзельнікі апісалі нам свае думкі, пачуцці, якія ўзнікалі ў працэсе працы над вышыўкай. І высветлілася, што на саміх удзельнікаў праект уплывае вельмі спрыяльна.
Людзі, ніяк не звязаныя з Беларуссю, ідуць у праект з пачуцця салідарнасці ці таму, што яны бачаць нейкія паралелі з тым, што адбываецца ў іх краінах. Напрыклад, баяцца за тое, што дэмакратыя ў іх краіне нейкім чынам знікне. І яны лічаць вельмі важным прыкласці намаганні да падтрымання барацьбы за свабоду.
Для гэтых людзей наш праект мае адукацыйную функцыю. Часта яны мала ведаюць, што адбывалася ў Беларусі, і здзіўляюцца, калі даведваюцца, за што ў Беларусі саджаюць людзей. І праз канкрэтную гісторыю канкрэтнага чалавека, сюжэт пра якога вышываюць, яны могуць пазнаёміцца глыбей з усёй гісторыяй. Калі чалавек праводзіць па 20-30 гадзін над вышыўкай і канцэнтруецца на канкрэтнай асобе, на яе гісторыі, адбываецца ў нейкім сэнсе сімвалічнае ахвяраванне часу зняволенаму, які марнуе сваё жыццё ў турме.
То-бок, праект #FramedinBelarus — таксама і пра час: пра расцягванне ці наадварот — прыпыненне ў медытатыўным працэсе вышыўкі, пра скрадзены час жыцця палітзняволеных ці пра капсуляванне сучаснасці для будучыні.
Для людзей, якія ў Беларусі ці эмігравалі адтуль, — гэта адзін са спосабаў адчуць яднанне. Чалавек можа ўявіць, што вялікая колькасць людзей таксама працуе над адной і той жа ідэяй. І гэта дапамагае.
Вядома, ёсць і іншыя каментары, што ўсё складана, праект доўжыцца трэці год, нічога не мяняецца, становіцца толькі горш. Мы ўсе ведаем гісторыі пра тое, што зняволеныя паміраюць у турмах, пра тое, што з імі няма сувязі, увогуле незразумела, што там адбываецца. Аднак часам мы атрымліваем паведамленні ад людзей, што наш праект — адна з апошніх магчымасцяў нешта зрабіць.
Вельмі складана працаваць, калі разумееш, што ты робіш вялікую працу, але пры гэтым нічога не можаш змяніць. Часам з’яўляюцца дэпрэсіўныя думкі, што нічога не мае сэнсу, што ўсё, над чым працуем, нічога не вырашыць. Але калі ўвогуле нічога не рабіць, страціцца нават магчымасць нешта змяніць! Мне здаецца, што сёння важна мацаваць веру ў сябе і працягваць.
Дзе шукаць надзею?
— У злосці. Гэта не тое каб надзея, але мне дапамагае.
Калі я вывучаю гісторыі палітычных зняволеных ці калі чарговы раз чытаю навіну пра суды і затрыманні, злосць становіцца актыўнай энергіяй, і гэта добра.
Калі чалавек злуецца — гэта крута, бо з’яўляецца энергія, якую можна ператварыць у нейкае пазітыўнае дзеянне. Трэба дазволіць сабе гневацца. У мяне гэта так працуе: я прыдумваю форму, куды магу гэты гнеў выпусціць: я павінна сесці і зрабіць малюнак. З іншага боку, я адчуваю, што мне таксама патрэбна пэўная падтрымка. Я зараз раблю тое, што раблю, таму што разумею, што людзям гэта патрэбна. Калі людзям не будзе патрэбна, я, напэўна, перастану гэтым займацца і прыдумаю сабе нешта іншае.
Прэм’еру чацвёртага фільма з цыкла «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі» пакажуць у варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі (Foksal, 11) 17 траўня а 20:00.
Зваротная сувязь ад аператара Ягора Яфімава
— З рэжысёрам фільма пра Руфіну Базлову Максімам Шведам мы пагутарылі тут. Аператарам і выканаўчым прадзюсарам стужкі стаў Ягор Яфімаў, пацікавіліся ў яго ўражаннямі ад гераіні.
— Мяне здзівіла тое, што Руфіну больш ведаюць замежнікі, чым беларусы. Напрыклад, нашы першыя здымкі прайшлі ў галерэі каля яе твораў, куды прыехаў міністр культуры Чэхіі. Гэта ўразіла, бо мы прывыклі сябе недаацэньваць — вельмі беларуская якасць… Ты разумееш, што насамрэч мы вельмі таленавітыя людзі, аднак еўрапейцы цэняць нас больш, чым мы саміх сябе.
Руфіна вельмі пазітыўны чалавек, лёгкі на пад’ём, і гэта таксама ўразіла, што перад табой цікавы мастак, вядомы на міжнароднай сцэне, а з іншага боку — вельмі таварыскі.
Падчас здымак была сітуацыя, калі яна ярка праявіла свае эмоцыі ў адносінах да чалавека, які ўжо не жывы. Ліст ад яго ішоў занадта доўга. Руфіна вельмі перажывала.
Калі працуеш з Руфінай, а таксама з такім людзьмі, як Аліна Нагорная ці Ігар Случак, разумееш, што яны не толькі робяць вялікую справу, але максімальна, у тым ліку эмацыянальна, у яе ўцягнутыя. У выніку атрымліваецца важкі вынік і шчырае мастацтва.
Важныя сцэны ў сюжэце пра Руфіну атрымаліся ў выніку здымкі з лічбавым стабілізатарам, мы шпацыравалі па горадзе за сваім героем. У рэпартажным стылі гэта выглядае выдатна, у тэхнічным плане дасканала, пры гэтым атрымліваюцца вельмі жывыя моманты. Тэхналогіі развіваюцца, мы іх выкарыстоўваем і можам атрымаць матэрыял на якасна іншым узроўні.
Я цаню гэтыя дынамічныя моманты ў стужцы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: