Арт-тэрарыстычнае падполле ці склад гістарычных палімпсестаў… Сяргей Шабохін зладзіў выставу ў варшаўскім падвале

Культура
Выстава Сяргея Шабохіна «Дэманстратыўная мімікрыя». Фота: reform.news.

Беларускі мастак Сяргей Шабохін паказаў 7 відэа ў падвале Старамейскага дома культуры ў цэнтры Варшавы. У гэтым праекце «Дэманстратыўная мімікрыя» падвал асэнсоўваецца як арт-тэрарыстычнае падполле, нара або бярлог, шахта або склад гістарычных палімпсестаў і татальных архіваў, а таксама сховішча-прытулак ад вонкавых катастроф.

Сяргей Шабохін ствараў гэтыя відэа з 2011 па 2023 год у рамках розных цыклаў, аднак цяпер вырашыў аб’яднаць іх адным канцэптам. Дакладней — адной стратэгіяй выжывання. «Дэманстратыўная мімікрыя» — гэта абсурдная гульня слоў, пад якой маюцца на ўвазе практыкі падпарадкавання, якія мастак знаходзіць у кожным гістарычным перыядзе, зафіксаваным у гэтых відэа.

Кожны твор выставы прадстаўляе нейкі гістарычны перыяд. А калі глядзець іх паслядоўна, у парадку, вызначаным аўтарам, то становяцца відавочнымі прычынна-выніковыя сувязі, якія і прывялі нас у той момант гісторыі, у якім мы апынуліся.

«Вуліца без канца» (кантэкст часу: 1972–1991)

Арт-тэрарыстычнае падполле ці склад гістарычных палімпсестаў... Сяргей Шабохін зладзіў выставу ў варшаўскім падвале
Сяргей Шабохін. Вуліца без канца. 2018. Фота: reform.news.

Гісторыя, закальцаваная ў гэтых відэа, пачынаецца з 1972 года. Сяргей Шабохін дэканструюе фільм 1972 года «Вуліца без канца» пра яго родны горад Наваполацк, які тады будаваўся. У часы СССР тут планавалі стварыць гіганцкі прамысловы цэнтр. Горад быў заціснуты паміж ракой і лесам, які важна было пакінуць, бо ён ахоўваў паветра Наваполацка ад прамысловага забруджання, таму будоўля расцягнулася ў даўжыню, а галоўная вуліца Маладзёжная ішла праз увесь горад. Галоўная гераіня савецкага фільма шпацыруе па Наваполацку і згадвае свайго бацьку, які быў адным з яго будаўнікоў. З дапамогай мантажу Сяргей Шабохін выразае з кадраў гэту гераіню, пакідаючы толькі празрысты сілуэт, падобны да пухіра на пераломленым заднім фоне. Гэтая істота-прывід блукае праз завадскія прасторы і паступова кіруецца да ракі, дзе і раствараецца. У выніку такога мастацкага жэсту фільм з савецкага прапагандысцкага ператвараецца ў фіксацыю ўтопіі, аповед пра няспраўджаныя спадзевы, урбанізм і прыроду, а галоўнае – пра выцясненне суб’екта і памяці.

Аўтар часам дэманструе гэтае відэа асаблівым чынам: стварае аб’ёмную мадэль з трох літар ССС, а на месцы літары Р паказвае манітор з фільмам — пераканальная метафара ўтопіі, то-бок ад пачатку немагчымай і незавершанай гісторыі.

«Атлас тэктанічных ландшафтаў» (кантэкст часу: 1991)

Арт-тэрарыстычнае падполле ці склад гістарычных палімпсестаў... Сяргей Шабохін зладзіў выставу ў варшаўскім падвале
Сяргей Шабохін. Вуліца без канца. 2018. Фота: reform.news.

«Белавежскія пагадненні» з цыклу «Атлас тэктанічных ландшафтаў» фіксуюць ключавую гістарычную падзею, якая адбылася 8 снежня 1991 года. Белавежскія пагадненні абвясцілі развал СССР і стварэнне Садружнасці Незалежных Дзяржаў, што прывяло да шэрагу трансфармацый ва ўсіх саюзных рэспубліках. Для відэа аўтар выкарыстаў кадры з TV-праграм, прысвечаных Белавежскім пагадненням і іх уплыву. Усе гэтыя праграмы вызначаюцца моцным прапагандысцкім наратывам, празмерна настальгічным і бязрадасным аповедам з выразнай фрустрацыяй ад развалу СССР.

Аўтар пазбаўляе голасу прапагандысцкія наратывы, перамешвае кадры, якія прайграюцца ў паскораным тэмпе пад моцна запаволеную музычную кампазіцыю.

Гэта стварае эфект, з аднаго боку, рэдзі-мэйда, прысваення, з іншага боку, — увасаблення настальгіі, якая палохае. Кадры з кінахронікі страчваюць прапагандысцкі пасыл, ствараюць пульсуючае мазаічнае палатно, дзікі лічбавы лес.

У цэнтры тэлевізійнага экрану прылепленая паштоўка з выявай Белавежскай пушчы: ніжняя частка паштоўкі запырсканая фарбай, верхняя залепленая «сацыяльным мармурам». Дзікі лес са знішчанай лініяй гарызонту і медытатыўны відэакалаж з дакументальных кадраў утвараюць разам інсталяцыю – меланхалічны проталандшафт цыкла «Атлас тэктанічных ландшафтаў», які расказвае пра актуальныя геапалітычныя катастрофы ў рэгіёне краін былога СССР праз вобразнасць змрочных прастор, дзікасці і расколаў.

«Практыкі падпарадкавання: Партытура» (кантэкст часу: 1991–2021)

Арт-тэрарыстычнае падполле ці склад гістарычных палімпсестаў... Сяргей Шабохін зладзіў выставу ў варшаўскім падвале
Сяргей Шабохін. Атлас тэктанічных ландшафтаў. 2023. Фота: reform.news.

Трэцяе відэа ўяўляе сабой графічнае калажнае пано, падзеленае на 18 частак, на ёй размясціліся ключавыя элементы, экспанаты, схемы і лозунгі татальнага архіва пад назвай «Практыкі падпарадкавання», у якім мастак змяшчае калекцыю «аб’ектаў страху», знойдзеных у Беларусі з 2010 па 2018 год. Гэта пераважна звычайныя штодзённыя прадметы, якія дэманструюць згубнае ўздзеянне дзяржавы на грамадзян, пачынаючы задоўга да іх нараджэння і заканчваючы рэгуляваннем памяці пра чалавека пасля ягонай смерці.

У выніку атрымліваецца даследаванне механізмаў улады на прыкладзе аўтарытарнай ідэалогіі ў Беларусі. Мастак тлумачыць, што паслядоўна праглядаючы гэтыя экспанаты, можна ўбачыць, як развіваўся і ўмацоўваўся беларускі рэжым, як адбывалася стагнацыя, нават можна прадказаць, чым гэта ўсё закончыцца.

«Art Terrorism» (кантэкст часу: 2011)

Арт-тэрарыстычнае падполле ці склад гістарычных палімпсестаў... Сяргей Шабохін зладзіў выставу ў варшаўскім падвале
Сяргей Шабохін. Art Terrorism. 2011. Фота: reform.news.

Чацвёртае відэа «Art Terrorism» было створана ў 2011-м як рэакцыя на пратэсты 2010-га. Гэта своеасаблівы маніфест неабходнасці палітызацыі і актывізацыі беларускай культуры. На ёй прадстаўнікі і прадстаўніцы беларускай культуры прапагандуюць лозунгі і ідэі, звязаныя з сучасным мастацтвам. Усе яны схаваныя за балаклавамі, што разглядаецца як жэст, скіраваны на прыцягненне ўвагі гледачоў да канцэпцый сучаснага мастацтва.

«Сады Мандрагоры» (кантэкст часу: 2020)

Арт-тэрарыстычнае падполле ці склад гістарычных палімпсестаў... Сяргей Шабохін зладзіў выставу ў варшаўскім падвале
Сяргей Шабохін. Сады Мандрагоры. 2020. Фота: reform.news.

Падзеям беларускай рэвалюцыі 2020-га прысвечаны «Сады Мандрагоры». Твор расказвае пра два паркі: Хазенхайдэ ў Берліне і парк Дружбы народаў у Мінску. У момант стварэння твора ў Берліне працягвалася пандэмія, таму былі зачыненыя ўсе начныя клубы. Жыхары горада сталі ладзіць нелегальныя вечарыны ў парках. У гэты ж час у Беларусі праходзіла перадвыбарчая кампанія. Дзейныя ўлады ўсяляк ускладнялі кампанію апазіцыі, арыштоўвалі кандыдатаў і абмяжоўвалі прасторы для агітацыі. У Мінску агітацыю дазволілі праводзіць толькі ў шасці пунктах, самым зручным з якіх стаў парк Дружбы народаў. 30 ліпеня 2020 года ў парку прайшоў афіцыйны пікет кандыдаткі на прэзідэнцтва Рэспублікі Беларусь Святланы Ціханоўскай. Нягледзячы на тое, што акцыя праходзіла ў чацвер удалечыні ад цэнтра горада, на мітынг прыйшлі дзясяткі тысяч людзей.

Абодва паркі такім чынам сталі ў цэнтры ўвагі відэатвора, для чаго быў сабраны архіў, прысвечаны гэтым падзеям. На двух экранах ідзе паралельная дэманстрацыя двух, здавалася б, такіх розных кантэкстаў: нелегальныя рэйвы і афіцыйныя пікеты; мяккая рэакцыя берлінскай паліцыі і агрэсія мінскіх сілавых структур; сексуальнасць круізінгу і энергія пратэсту; белыя стужкі з вузлом на дрэвах як сімвал ЛГБТК+ і белыя стужкі на руках як сімвал пратэснага руху ў Мінску; міф пра мандрагору, што расце з мужчынскага семені, і беларуская міфалогія з семіётыкай бульбы… Падвойнае відэа, такім чынам, не столькі параўноўвае кантэксты, колькі дэманструе няўтольную прагу жыцця і барацьбу за свабоды на фоне гарадскіх паркавых ландшафтаў.

Хроніка манумента «Тры сястры» (кантэкст часу: 2014–2023)

Арт-тэрарыстычнае падполле ці склад гістарычных палімпсестаў... Сяргей Шабохін зладзіў выставу ў варшаўскім падвале
Сяргей Шабохін. Хроніка манумента «Тры сястры». 2014–2023. Фота: reform.news.

Ваеннаму канфлікту ва Украіне прысвечана наступнае відэа — хроніка манумента «Тры сястры». Мастак сачыў за помнікам, размешчаным на сумежжы трох дзяржаў: Украіны, Беларусі і Расіі, з 2014 года. Манумент, адкрыты ў 1975 годзе, пасля пачатку расійска-ўкраінскага канфлікту ў 2014 годзе пачаў разбурацца. У відэа сабраная відэахроніка: ад будавання да штогадовых моладзевых кемпінгаў і фестываляў «Славянскае адзінства»; ад разбурэння помніка ў 2014-м да яго рэканструкцыі з ініцыятывы беларускага боку ў 2019 годзе; ад планаў украінскіх уладаў дэмантаваць манумент у 2022 годзе да выбуху каля яго, арганізаванага расейскімі вайскоўцамі ў 2023 годзе. Паколькі гісторыя з «Трыма сёстрамі» не завершаная, відэа працягне абнаўляцца аж да магчымага зносу манумента.

«Атлас тэктанічных ландшафтаў: Праз калідор зацьменняў» (кантэкст часу: 2022–2024)

Арт-тэрарыстычнае падполле ці склад гістарычных палімпсестаў... Сяргей Шабохін зладзіў выставу ў варшаўскім падвале
Сяргей Шабохін. «Атлас тэктанічных ландшафтаў: Праз калідор зацьменняў». 2023.

І апошняе відэа — «Калідор зацьменняў» — фіксуе прадчуванне катастроф і татальны пералом часу, у які мы жывём. Відэа разыгрывае метафізічную цырымонію: містычны сакрамент, што адбываецца ў момант змяркання, утворанага поўным кольцападобным зацьменнем сонца, якое тут з’яўляецца прадвеснікам тэктанічных зрухаў і гістарычных узрушэнняў у рэгіёне. Супрэматычныя аб’екты перасякаюць змрочныя ландшафты: гарадскія і прыродныя віды, пейзажы эпохі рамантызму, першабытныя малюнкі ў пячорах, круізінг-арэалы, ваенны дым са стужкі навін і чароды кажаноў. Фаталізм калідора зацьменняў падкрэслены ў назве і кадрах з дакументальнай хронікі сонечных зацьменняў апошніх гадоў.

***

Такім чынам, у цыкле аўтарскіх відэа зафіксаваны як знакі пераломнага часу, так і практыкі прыстасавання да розных катаклізмаў — стратэгія дэманстратыўнай мімікрыі.

Праз пласты гістарычных вобразаў, праз іх інтэрпрэтацыю і перакампаноўку мастак імкнецца выявіць прыхаваныя прасторы. Што гэта за прасторы? Гэта рэчы, зафіксаваныя на нейкай гістарычнай перыферыі. Напрыклад, у  «Практыках падначалення», — тлумачыць Сяргей Шабохін, — гэта калекцыя звычайных прадметаў, у «Садах Мандагоры» — таемныя кольцы ў парках.

Дарэчы, экспазіцыя Сяргея Шабохіна ў Старамейскім доме культуры ўключана ў святкаванне 71-годдзя Старога горада.

Выстава будзе працаваць у Варшаве (Rynek Starego Miasta, 2) да 26 ліпеня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news (ранее REFORM.by)


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: