Міністэрства фінансаў ЗША выдала генеральную ліцэнзію 134B, якая апублікавана на сайце Упраўлення па кантролі за замежнымі актывамі (OFAC). Яна дазваляе продаж і дастаўку расійскай нафты і нафтапрадуктаў, якія былі загружаны на судны да 17 красавіка 2026 года. Дазвол дзейнічае да 16 мая 2026 года.
Ліцэнзія распаўсюджваецца ў тым ліку на судны, якія знаходзяцца пад санкцыямі. Дазволеныя аперацыі ўключаюць швартовку і стаянку суднаў, забеспячэнне бяспекі экіпажа, аварыйны рамонт, экалагічныя мерапрыемствы, а таксама такія паслугі, як кіраванне суднам, бункероўка, лоцманская праводка, рэгістрацыя, страхаванне і выратаванне.
Ліцэнзія не дзейнічае для аперацый з удзелам Ірана, Паўночнай Карэі, Кубы, а таксама акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны і Крыма.
Новы дакумент замяняе папярэднюю ліцэнзію 134A, тэрмін дзеяння якой скончыўся 11 красавіка.
