Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць, што ў Аляксандра Лукашэнкі хопіць здаровага сэнсу не даць уцягнуць сябе ў вайну. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю Financial Times 6 ліпеня.
Зяленскі параўнаў Лукашэнку з гульцом у казіно, які паставіў усё на тое, што Расія цалкам знішчыць Украіну.
«Ён прыйшоў у казіно не ў той дзень. Ён быў упэўнены, што сарве джэкпот. Але не выйграў нічога», — заявіў Зяленскі.
На думку Зяленскага, цяпер Лукашэнка ўсведамляе рызыкі і не дазволіць уцягнуць сябе ў вайну.
«Добрая навіна — у адрозненне ад Пуціна — заключаецца ў тым, што, на маю думку, ён усведамляе рызыкі. Ён цалкам усведамляе ўсе рызыкі.
Калі ты разумееш, што вайна не выйграная, і цябе раптам пачынаюць яшчэ глыбей уцягваць у яе як саюзніка, то, думаю, у яго дастаткова здаровага сэнсу, каб зразумець: не варта дазваляць уцягнуць сябе ў гэта», — заявіў прэзідэнт Украіны.
Нагадаем, сёння Лукашэнка паабяцаў вайскоўцам, што не пашле іх на бойню, і заявіў, што «міжнародная партыя вайны» не хоча завяршыць канфлікт.