У канцы снежня 2025 года Служба бяспекі Украіны (СБУ) затрымала жыхара Кіева, які працаваў на расійскія і беларускія спецслужбы. На гэта звярнула ўвагу «Радыё Свабода».
Як заяўляе СБУ, мужчына па заданні Дзяржпамежкамітэта Беларусі сачыў за лакацыямі ўкраінскіх вайскоўцаў, а па ўказаннях з Расіі карэктаваў атакі расіян па энергетычных аб’ектах Кіева.
Паводле інфармацыі Генпракуратуры Украіны, затрыманы перамяшчаўся па горадзе на грамадскім транспарце, фатаграфаваў лакацыі ўкраінскіх вайскоўцаў і адпраўляў сабраную інфармацыю ў чат-бот ДзПК.
Акрамя гэтага, ён перадаваў інфармацыю пра кіеўскія ЦЭЦ.
«Задакументавана, як агент спачатку вёў назіранне з акна ўласнай кватэры за перыметрам адной са сталічных цеплаэлектрацэнтраляў. Затым ён праводзіў дадатковую разведку паблізу дадзенага аб’екта, каб высветліць яго тэхнічны стан пасля нядаўніх варожых абстрэлаў сталіцы. Сабраную інфармацыю фігурант перадаваў варожым спецслужбам для наступных абстрэлаў сталічнай ЦЭЦ», — паведамляе СБУ.
На падставе інфармацыі, здабытай ад затрыманага, Расія планавала вывесці з працы ключавыя энергагенеруючыя прадпрыемствы, якія забяспечваюць ацяпленнем большую частку жыллёвага фонду Кіева.
У выпадку выканання заданняў мужчына планаваў эвакуявацца і падрыхтаваў заплечнік з неабходнымі рэчамі для нелегальнага перасячэння мяжы.
Мужчыну затрымалі ў Кіеве. Устаноўлена, што супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў завербавалі яго праз тэлеграм-каналы, дзе ён публікаваў прарасійскія каментары.
Затрыманы знаходзіцца пад вартай. Яму паведамлена пра падазрэнне ў дзяржаўнай здрадзе ва ўмовах ваеннага становішча (ч. 2 арт. 111 КК Украіны). Яму пагражае пажыццёвае пазбаўленне волі.
