У Бярозаўскім раёне суд па позве пракуратуры на 3 гады абмежаваў мясцовага жыхара ў наведванні ігорных устаноў, у тым ліку анлайн-платформаў, і ўдзеле ў азартных гульнях. Падставай стаў зварот яго маці, якая заявіла, што захапленне сына азартнымі гульнямі паставіла сям’ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча.
Як паведамілі ў Генпракуратуры, у ходзе праверкі ўстаноўлена, што мужчына рэгулярна наведваў ігорныя ўстановы і прайграваў значныя сумы. Пры гэтым ён фактычна жыў за кошт маці, не ўдзельнічаў у аплаце камунальных паслуг, набыцці прадуктаў і іншых неабходных выдаткаў.
Акрамя таго, малады чалавек аформіў некалькі крэдытаў, якія таксама выдаткаваў на азартныя гульні.
Па выніках праверкі пракурор звярнуўся ў суд з позвай аб абмежаванні адказчыка ў наведванні ігорных устаноў, уключаючы віртуальныя, і ўдзеле ў азартных гульнях. Суд задаволіў патрабаванні ў поўным аб’ёме і ўстанавіў максімальны тэрмін абмежавання — тры гады.
У пракуратуры нагадалі, што ў адпаведнасці з заканадаўствам суд можа абмежаваць грамадзяніна ва ўдзеле ў азартных гульнях на тэрмін ад 6 месяцаў да 3 гадоў, калі з-за такога захаплення ён ставіць сябе або сваю сям’ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча.
Копія судовага рашэння накіравана ў Маніторынгавы цэнтр па ігорным бізнесе для ўнясення мужчыны ў адпаведны рэестр і ўстанаўлення абмежаванняў.
