Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 14 чалавек. Гэта Вольга Барунова, Аляксей Кердаль, Віталь Жалезнякоў, Аляксандр Залатарэвіч, Уладзімір Зінавенка, Дзяніс Пятроў, Таццяна Шынкевіч, Дзмітрый Капуза, Вольга Капуза, Аляксандр Канавальчык, Іван Войнаў, Мікіта Красько, Вячаслаў Бянько, Андрэй Рэпетый, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Мікіта Красько, Вячаслаў Бянько і Андрэй Рэпетый былі затрыманыя па «справе радыёаматараў». Іх абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве і шпіянажы.
Сужэнцы Дзмітрый і Вольга Капузы атрымалі 24 і 21 гады пазбаўлення волі адпаведна па абвінавачанні ў «акце тэрарызму» і «незаконных дзеяннях з боепрыпасамі».
Канавальчык знаходзіцца ў СІЗА па абвінавачанні ў садзейнічанні «экстрэмісцкай дзейнасці» і распальванні варожасці, Войнаў — па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве, удзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі, удзеле ў баявых дзеяннях на тэрыторыі іншай краіны.
Вольга Барунова прысуджаная па арт. 130 і 361-4 Крымінальнага кодэкса па абвінавачанні ў распальванні «іншай сацыяльнай варожасці», садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Аляксей Кердаль прысуджаны па арт. 130, 342 КК па абвінавачанні ў распальванні «іншай сацыяльнай варожасці», удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Віталь Жалезнякоў прысуджаны па арт. 130 і 367 КК па абвінавачанні ў паклёпе на А. Лукашэнку, распальванні «іншай сацыяльнай варожасці» да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Аляксандр Залатарэвіч прысуджаны па арт. 368, 361-1, 130 КК па абвінавачанні ў абразе прадстаўніка ўлады, А. Лукашэнкі, «распальванні іншай сацыяльнай варожасці», «закліках да незаконных дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь» да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Уладзімір Зінавенка прысуджаны па арт. 130 КК па абвінавачанні ў «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Дзяніс Пятроў прысуджаны па арт. 130 КК па абвінавачанні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці да трох гадоў абмежавання волі ў папраўчай установе (адбывае пакаранне).
Таццяна Шынкевіч прысуджаная па арт. 130 КК па абвінавачанні ў «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
