Прапагандысты выпусцілі сюжэт пра «ліквідацыю буйной сеткі радыёшпіёнаў». Распавесці пра дэталі «аперацыі» КДБ даручылі Раману Пратасевічу, які на тэлеканале СТБ нядаўна пачаў весці перадачу пад назвай «Без прикрытия».
У выпуску гаворыцца пра спыненне дзейнасці сеткі, якая нібыта «выкачвала дзяржаўныя сакрэты з эфіру». Паводле слоў Пратасевіча, усяго да адказнасці прыцягнута больш за 50 чалавек, канфіскавана 500 адзінак радыёабсталявання, выяўлена каля 66 тысяч запісаў «перахопленых перамоў».
Сем «ключавых удзельнікаў» узятыя пад варту, ім інкрымінуюць артыкулы Крымінальнага кодэкса 356 аб здрадзе дзяржаве і 358 аб шпіянажы. Ім пагражае пажыццёвае пазбаўленне волі або вышэйшая мера пакарання.
У сюжэце паказаны фрагмент снежаньскага каментарыя кіраўніка беларускага КДБ Івана Церцеля, у якім ён заяўляў пра «сур’ёзную актывізацыю разведвальна-падрыўной дзейнасці» ў дачыненні да Беларусі.
«Напрыклад, практычна штодня спадарожнікі групоўкі заходніх дзяржаў, спецслужбаў, Узброеных сіл, манітораць сітуацыю на нашай тэрыторыі. Фатаграфуюць і здымаюць, аналізуюць не толькі працу чыгуначнага транспарту, лагістыкі, нейкіх аб’ектаў абароннага значэння, але і проста прадпрыемстваў.
У гэтым годзе контрразведка Беларусі выявіла і ліквідавала разгалінаваную сетку замежных спецслужбаў, якія пры садзейнічанні пэўных асоб на нашай тэрыторыі займаліся ўсталяваннем тэхнічных сродкаў, што дазвалялі праслухоўваць перамовы нашых пілотаў, якія як грамадзянскія, так і ваенныя выконвалі свае задачы. Мы бачым новыя формы і метады працы. Гэта, перш за ўсё, дыстанцыйныя вярбоўкі. У гэтым годзе контрразведкай Камітэта выяўлена дзейнасць больш як 70 агентаў замежных спецслужбаў», — сцвярджаў ён.
Паводле слоў Пратасевіча, згодна з афіцыйнай версіяй, «спыненая сетка, якая выкарыстоўвала радыёапаратуру для несанкцыянаванага праслухоўвання».
«Паводле звестак КДБ, была выяўленая і нейтралізаваная заканспіраваная структура, створаная пры падтрымцы звонку. Яе канчатковая мэта выходзіла далёка за рамкі простай цікаўнасці. Гаворка ішла пра атрыманне магчымасці ўплываць на крытычна важныя аб’екты. У фокусе ўвагі гэтай сеткі знаходзіліся: ключавыя ваенныя аб’екты — аэрадромы і пазіцыі супрацьпаветранай абароны; сілавыя ведамствы — ад Міністэрства абароны і ўнутраных спраў да Службы бяспекі прэзідэнта; забеспячэнне бяспекі вышэйшага кіраўніцтва краіны, уключаючы дэталізацыю маршрутаў перамяшчэння», — заяўляе ён.
Паводле сцвярджэння прапагандыста, сетка маскіравалася пад «супольнасць энтузіястаў радыёсправы», у той час як на самай справе нібыта з’яўлялася «сістэмай нелегальнага перахопу, якая выкарыстоўвала спецыяльнае абсталяванне для доступу да закрытых каналаў».
У сюжэце паказаны двое мужчын, названыя абвінавачанымі ў дзяржаўнай здрадзе — Андрэй Рэпецiй і Мікіта Красько.
«Я ўсталяваў на даху антэну і спакойна мог у сябе дома чуць увесь горад, — кажа на камеру апошні. — Служба бяспекі прэзідэнта выкарыстоўвала кантрольныя кропкі, і вось па іх можна было зразумець, дзе едзе картэж».
Ён таксама сцвярджае, што ведаў пазыўныя картэжу.
Паводле слоў Пратасевіча, у зоне прыёму былі частоты МУС, МНС, каналы аператыўных службаў.
«Іншы фігурант, Вячаслаў Бенько, удакладняе, што перахоплівалася інфармацыя, якая забяспечвала аператыўна-вышуковую дзейнасць. Але асаблівую цікавасць выклікала ахова першых асоб дзяржавы. Усе гэтыя даныя ў рэальным часе лічбаваліся і выгружаліся ў адкрыты доступ у інтэрнэт. Гэты крок стаў кропкай незвароту. Удзельнікі сеткі добраахвотна пазбавіліся кантролю над сабраным, ператварыўшы лакальныя праслухоўванні ў дыстанцыйны інструмент для знешніх аператараў. Фактычна яны перадалі ў чужыя рукі частку інфармацыйнага суверэнітэту краіны. Аналіз следства і экспертаў указвае на шматузроўневыя задачы, уласцівыя для стратэгічнай разведкі», — заяўляе ён.
Пратасевіч сцвярджае, што хобі было толькі прыкрыццём і радыёаматары дзейнічалі не як выпадковыя слухачы, а як «мэтазгодныя зборшчыкі».
«Яны шукалі і фіксавалі шыфры, пазыўныя і тэхнічныя параметры закрытых ведамасных каналаў. Гэта ўжо не хобі — гэта збор разведінфармацыі. Як прызнаецца адзін з затрыманых, атрыманыя даныя, уключаючы перамовы ваенных каля мяжы, перадаваліся далей — у сетку, дзе іх, паводле яго ж слоў, маглі слухаць „зацікаўленыя структуры“», — заяўляе ён.
«Я думаў, што хітрэй за ўсіх. Канкрэтна я слухаў вось гэтыя запра… закрытыя перамовы замежным спецслужбам», — кажа ў прапагандысцкім сюжэце Мікіта Красько.
Паводле слоў Пратасевіча, экспертыза «адназначна пацвердзіла: сярод канфіскаванай інфармацыі ўтрымліваюцца звесткі, якія складаюць ахоўваемую законам дзяржаўную таямніцу». Узбуджаная крымінальная справа.





