Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік НАУ Павел Латушка звярнуўся да Еўрасаюза і Польшчы з прапановай адказаць санкцыямі на прызнанне “экстрэмісцкімі” шэрагу еўрапейскіх СМІ беларускімі ўладамі.
У апошнія тыдні Міністэрства інфармацыі Беларусі ўнесла ў спіс “экстрэмісцкіх матэрыялаў” польскае дзяржагенцтва РАР, Euronews, Delfi, а таксама шэраг іншых медыя.
Як паведамілі ў АПК, Павел Латушка накіраваў звароты ў МЗС і МУСіА Польшчы і Еўрапейскую службу знешніх дзеянняў. У лістах ён падкрэсліў, што, абвяшчаючы еўрапейскія СМІ “экстрэмісцкімі”, рэжым не толькі пазбаўляе людзей праўдзівай інфармацыі, але і стварае прамую пагрозу крымінальнага пераследу для грамадзян Беларусі і краін Еўрасаюза, якія карыстаюцца гэтымі СМІ.
Павел Латушка і каманда НАУ прапанавалі ЕС і Польшчы ўвесці санкцыі, уключаючы забарону на ўезд і замарожванне актываў супраць актараў інфармацыйнай агрэсіі:
- дзяржагенцтва БелТА і прапагандыстаў,
- суддзяў, якія выносілі незаконныя рашэнні аб прызнанні СМІ “экстрэмісцкімі”,
- кіраўніцтва Міністэрства інфармацыі, якое кіруе рэпрэсіямі супраць СМІ.
Латушка таксама адзначыў, што ЕС не ўводзіў санкцыі за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі з сакавіка 2025 года. Ён таксама заклікаў партнёраў аднавіць санкцыйны ціск. Разам са зваротамі перададзены дэталёва прапрацаваныя дасье і абгрунтаванні.
Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы ў сваім адказе на ліст паведаміла, што атрыманыя матэрыялы ўжо накіраваны на ацэнку для наступнага магчымага ўключэння фігурантаў у нацыянальныя санкцыйныя спісы.
