У Расіі затрымалі партыю наркотыкаў, увезеных з Польшчы праз Беларусь. Затрыманы грамадзянін Расіі, паведамляе ФТС РФ.
Супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з кантрабандай ФТС Расіі, Цэнтральнай аператыўнай і Маскоўскай мытняў канфіскавалі 15 кг брэфедрону і 6 кг гашышу. Іх рынкавы кошт ацэньваецца ў 51 млн расійскіх рублёў (635 тысяч долараў).
Брэфедрон быў дастаўлены з Польшчы праз Беларусь у фуры са зборным грузам. Скруткі з рэчывам хавалі ў вядрах са шпаклёўкай. Наркотыкі спачатку знаходзіліся на складзе ў Падольску, затым іх пераправілі на поўнач Маскоўскай вобласці праз службу дастаўкі.
Пры атрыманні грузу быў затрыманы 32-гадовы расіянін, раней асуджаны па артыкуле аб наркагандлі. У яго аўтамабілі знайшлі тайнік з шасцю пакетамі гашышу. Ён прызнаўся, што заказаў наркотык у Іспаніі, каб прадаць яго ў Маскве і вобласці. Узбуджана крымінальная справа па артыкуле аб кантрабандзе наркотыкаў у асабліва буйным памеры.


