Белстат апублікаваў даныя пра размеркаванне колькасці работнікаў па памерах заработнай платы. Яны, як і даныя пра медыянную зарплату, публікуюцца двойчы на год: па стане на май і лістапад.
Нагадаем, медыянная зарплата ў Беларусі ў лістападзе склала 2081,7 рубля.
У базу даных Белстата ўключаныя звесткі пра зарплату амаль 2,5 млн чалавек.
Найбольш распаўсюджаным дыяпазонам заробкаў быў дыяпазон ад 1500,1 да 2000 рублёў. Такія заробкі мелі 482 тыс. чалавек. Далей ідуць наступныя дыяпазоны:
- ад 1000,1 да 1500 рублёў заробкі мелі 447,53 тыс. чалавек,
- ад 2000,1 да 2500 рублёў — 422,46 тыс. чалавек,
- ад 2500,1 да 3000 рублёў — 306,4 тыс. чалавек.
У цэлым звыш 3000,1 рубля заробкі мелі 898,9 тыс. чалавек. Пры гэтым самыя высокія заробкі, звыш 10 тыс. рублёў, паводле даных Белстата, мелі 20 699 чалавек. Іх колькасць у параўнанні з маем мінулага года вырасла на 1770 чалавек.
Найчасцей заробкі звыш 10 тыс. рублёў сустракаліся па наступных відах дзейнасці:
- інфармацыя і сувязь — 10 540 чалавек,
- прамысловасць — 3366 чалавек,
- аптовы і рознічны гандаль, рамонт аўтамабіляў і матацыклаў — 1687 чалавек,
- будаўніцтва — 1305 чалавек.
У дзяржаўным кіраванні больш за 10 тыс. рублёў мелі 122 работнікі. Пры гэтым у параўнанні з маем іх колькасць амаль удвая павялічылася. У маі 2025 года такую зарплату ў дзяржаўным кіраванні мелі 66 чалавек.
Найменшую намінальную налічаную зарплату, указаную ў базе даных Белстата, да 200 рублёў у лістападзе мінулага года атрымлівалі 2865 чалавек. Больш за ўсё такіх работнікаў было ў адукацыі (541 чалавек), прамысловасці (394), гандлі (380), транспарце і лагістыцы (299).
