У Казахстане збіраюцца перайсці да аднапалатнага парламента і ўвесці пасаду віцэ-прэзідэнта. Сёння ў краіне праходзіць V Нацыянальны курултай. Выступаючы на яго адкрыцці, прэзідэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў назваў прапанаваныя рэформы.
Мяркуецца, што замест двухпалатнага парламента ў Казахстане з’явіцца аднапалатны парламент, які будзе называцца «Курултай». У ім будуць засядаць 145 дэпутатаў. Яны будуць абірацца па прапарцыйнай сістэме на тэрмін 5 гадоў. У парламент трапяць партыі, якія набралі на выбарах 5% і больш.
Разам з тым у краіне створяць «Народны савет», які забярэ функцыі Асамблеі народа Казахстана і Нацыянальнага курултая. У склад новага органа ўвойдуць 126 чалавек, а старшыняў будзе прызначаць сам прэзідэнт.
Таксама мяркуецца заснаваць пасаду віцэ-прэзідэнта. Ён будзе прызначацца прэзідэнтам са згоды парламента, якая будзе надавацца простай большасцю галасоў. Паўнамоцтвы віцэ-прэзідэнта будзе вызначаць прэзідэнт. Віцэ-прэзідэнт будзе прадстаўляць інтарэсы краіны на міжнародных форумах і перамовах з дэлегацыямі замежных дзяржаў, прадстаўляць прэзідэнта ў парламенце, узаемадзейнічаць з казахстанскімі і замежнымі грамадска-палітычнымі, навуковымі і культурна-асветніцкімі арганізацыямі.
