Гомельскі абласны суд вынес прысуд удзельніку «банды Марозава» Віктару Рэцкаму, які хаваўся больш за 19 гадоў. У сакавіку гэтага года яго экстрадавалі ў Беларусь з Казахстана.
Як паведамілі ў судзе, яго прысудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі, піша БелТА. Таксама з абвінавачанага пастанавілі спагнаць 40 тысяч рублёў на карысць пацярпелага боку.
Як раней інфарміраваў Следчы камітэт, фігурант датычны як мінімум да двух рэзанансных забойстваў, учыненых у перыяд «крымінальных войнаў» 1990-х гадоў. З 1994 года ён уваходзіў у склад злачыннай арганізацыі і выконваў ролю штатнага кілера.
Першы ўстаноўлены эпізод адносіцца да 1994 года. Тады, паводле даных следства, Рэцкі разам з іншымі ўдзельнікамі групоўкі завабіў знаёмых з Вільнюса ў Гомель. Прадставіўшыся супрацоўнікамі міліцыі, яны здзекаваліся з пацярпелых, патрабуючы прадаставіць інфармацыю, якая іх цікавіла. Двух чалавек забілі ў горадзе, пасля чаго іх целы, а таксама яшчэ жывых замежнікаў, вывезлі да ракі Сож, дзе ўсіх скінулі ў ваду з прывязанымі металічнымі тракамі.
Следства таксама ўстанавіла, што матывам злачынстваў часта быў перадзел сфер уплыву ў крымінальным асяроддзі. У матэрыялах справы згадваецца і эпізод 1997 года, калі ўдзельнікі групоўкі расстралялі аўтамабіль крымінальнага аўтарытэта. У выніку загінулі тры чалавекі, у тым ліку гадавое дзіця.
Рэцкаму было прад’яўлена абвінавачанне паводле Крымінальнага кодэкса БССР 1960 года — у наўмысным забойстве двух і больш асоб, здзейсненым з асаблівай жорсткасцю і пры асабліва небяспечным рэцыдыве. Па шэрагу іншых эпізодаў, уключаючы ўдзел у банды, незаконныя дзеянні з узбраеннем і разбоі, крымінальны пераслед спынены ў сувязі са сканчэннем тэрмінаў даўніны.
Прысудам суда Рэцкі прызнаны вінаватым і прыгавораны да 15 гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, з яго пастаноўлена спагнаць 40 тысяч рублёў на карысць пацярпелага боку.
Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны ва ўстаноўленым парадку.
