Міністэрства аховы здароўя Беларусі заявіла, што сочыць за развіццём сітуацыі вакол успышкі хантавіруснай інфекцыі на круізным лайнеры MV Hondius, які накіроўваўся з Аргенціны ў Каба-Вердэ. Нагадаем, сярод пасажыраў судна выяўлены хантавірусны кардыя-пульманальны сіндром, выкліканы вірусам Andes.
З мэтай недапушчэння завозу інфекцыі ў пунктах пропуску дзяржаўнай мяжы Беларусі ўзмоцнены санітарна-каранцінны кантроль асоб, якія прыбываюць.
Вірус Andes распаўсюджаны ў Паўночнай, Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы, яго асноўным пераносчыкам з’яўляецца даўгахвосты рысавы хамячок, які жыве ў Аргенціне і Чылі. У Еўропе і Азіі гэты грызун не сустракаецца, таму рызыка распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі Беларусі адсутнічае, заявілі ў ведамстве. СААЗ ацэньвае агульную рызыку для насельніцтва планеты як нізкую.
Хантавірусы перадаюцца чалавеку ад грызуноў пераважна пры ўдыханні часціц заражаных выдзяленняў і могуць прыводзіць да вострай дыхальнай недастатковасці або паражэння нырак, у тым ліку са смяротным зыходам. Для віруса Andes таксама характэрная абмежаваная перадача ад чалавека да чалавека пры вельмі цесным і працяглым кантакце.
