Сужэнцаў-закладчыкаў асудзілі на працяглыя тэрміны. Чацвёра «кліентаў» памерлі ад атручвання метадонам

Суд Мінскага раёна вынес прысуд па справе сужэнцаў-закладчыкаў. Ім прызначаныя працяглыя тэрміны зняволення. Яшчэ чатыром фігурантам справы вынесены менш строгія прысуды.

Як паведамілі ў прэс-службе Генпракуратуры, паводле версіі абвінавачання, 43-гадовая мінчанка і яе 48-гадовы сужэнец «у складзе арганізаванай групы незаконна набывалі, захоўвалі, перавозілі і збывалі асабліва небяспечныя псіхатропныя рэчывы і наркатычныя сродкі ў буйным памеры». Яны рэалізавалі псіхаактыўныя субстанцыі 14 асобам. Чатыры чалавекі ў 2023–2024 гадах памерлі ад атручвання метадонам.

Пры затрыманні ў сужэнцаў былі канфіскаваныя 102 скруткі з метадонам агульнай вагой звыш 40 г. Па месцы іх жыхарства ў тайніках выяўлены яшчэ 594 г мефедрону, каля 792 г гашышу, 382 г метадону і каля 6 г альфа-PVP.

У выніку суд прызначыў 43-гадовай жанчыне пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 23 гады 6 месяцаў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. 48-гадовы мужчына асуджаны на 24 гады 1 месяц пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з пазбаўленнем права кіравання транспартнымі сродкамі на тэрмін 5 гадоў. Таксама кожнаму з іх прызначаны штраф у памеры 700 базавых велічынь (29,4 тыс. рублёў). З іх таксама ў карысць дзяржавы спагнаны даход, атрыманы злачынным шляхам.

«Чацвёра іншых абвінавачаных — жыхары г. Мінска і Мінскай вобласці ў розны час незаконна набывалі і захоўвалі без мэты збыту асабліва небяспечны наркатычны сродак — метадон, карыстаючыся паслугамі названых інтэрнэт-крам. Забароненыя рэчывы яны атрымлівалі праз „тайнікі“, зробленыя сужэнцамі-закладчыкамі, і да затрымання працягвалі захоўваць іх пры сабе», — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.

Двум абвінавачаным прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады 6 месяцаў і 4 гады, яшчэ двум — у выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін 3 гады кожнаму.

Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны