Супрацоўнікі ДАІ ўжылі зброю для спынення нецвярозага кіроўцы. Здарэнне адбылося ў Маладзечанскім раёне.
Як паведамілі ў прэс-службе МУС, у міліцыю паступіла паведамленне ад аператара АЗС пра нецвярозага мужчыну за рулём Hyundai. На месца выехаў экіпаж ДАІ.
Неўзабаве міліцыянеры выявілі аўтамабіль каля вёскі Мясата. Кіроўцу падалі сігнал аб спыненні. Ён яго праігнараваў. Пачалося пераследаванне.
«На неаднаразовыя законныя патрабаванні міліцыянераў парушальнік не рэагаваў і спрабаваў уцячы. Сваімі дзеяннямі ён ствараў рэальную пагрозу бяспецы іншых удзельнікаў дарожнага руху. Інспектары прынялі рашэнне аб выкарыстанні табельнай зброі для спынення транспартнага сродку», — расказалі ў МУС.
Кіроўцам аўтамабіля аказаўся 39-гадовы мінчанін. Медыцынскі агляд паказаў 1,58 праміле ў паветры, якое ён выдыхаў.
На мужчыну склалі тры пратаколы. Яго змясцілі ў ІЧУ. Аўтамабіль знаходзіцца на ахоўнай стаянцы.