Страх дэпартацыі і асабістыя праблемы – сын аднаго з лідараў стачкама «Беларуськалія» знаходзіцца ў коме ў Чэхіі

Галоўнае
Дмитрий Куделевич с сыном в больнице

23-гадовы беларус Якаў з сярэдзіны красавіка знаходзіцца ў коме ў адной з бальніц Чэхіі пасля спробы суіцыду, піша “Радыё Свабода”. Яго бацька — Дзмітрый Кудзялевіч, адзін з былых лідараў стачкама «Беларуськалія», цяпер ён жыве ў Польшчы.

Спачатку ён не агучваў тое, што здарылася з сынам, але потым вырашыў зрабіць гэтую трагедыю публічнай. Паводле слоў бацькі, акрамя асабістых праблем (разрыў з дзяўчынай), на маладога чалавека паўплывалі адмова чэшскага Міністэрства ўнутраных спраў у міжнароднай абароне і страх дэпартацыі ў Беларусь.

Якаў быў вымушаны пакінуць краіну ў 17 гадоў пасля пратэстаў 2020 года. Тры гады ён вучыўся ва ўніверсітэце ў Остраве па спецыяльнасці «біятэхналогіі», затым зразумеў, што гэтая спецыяльнасць не для яго, і кінуў вучобу. Пасля гэтага былі розныя працы і спробы працягнуць адукацыю ў Празе. Сутыкнуўшыся з праблемамі легалізацыі, Якаў падаў заяву на міжнародную абарону, паколькі і ён, і бацька ўдзельнічалі ў пратэстах у Беларусі і былі вымушаны выехаць. Міністэрства ўнутраных спраў Чэхіі яму адмовіла.

Паводле слоў Дзмітрыя, на пачатку красавіка сын перастаў выходзіць на сувязь. Ён пачаў яго шукаць праз знаёмых. Якава знайшлі без прытомнасці на падлозе ў яго пакоі ў прыёмным цэнтры для мігрантаў, якія хадайнічаюць аб міжнароднай абароне. Паводле слоў урачоў, ён прыняў шэраг медыцынскіх прэпаратаў і правёў без прытомнасці каля сутак. Маладога чалавека тэрмінова даставілі ў бальніцу. Цяпер ён па-ранейшаму ў коме і падключаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Бацька асцерагаецца, што з-за няпэўнага прававога статусу сына можа скончыцца яго страхоўка, і сям’і давядзецца аплачваць лячэнне самастойна.

«Вяртанне ў Беларусь было для Якава больш страшным, чым смерць. Ціск з боку ўладаў Беларусі быў звязаны з жаданнем уздзейнічаць на яго бацьку, які ўцёк з Беларусі з-за палітычнага пераследу», — сказаў адвакат сям’і, які папрасіў не называць яго імя.

Ён падаў пазоў, каб аспрэчыць рашэнне аб адмове ў абароне. Паводле яго слоў, дэпартацыя немагчымая, пакуль Якаў знаходзіцца ў коме.

Юрыст Алесь Міхалевіч, член Чэшскай палаты адвакатаў, тлумачыць, што атрыманне статусу бежанца ў значнай ступені залежыць ад дасведчанасці канкрэтнага чыноўніка пра сітуацыю ў Беларусі. Асабліва складана даказаць пераслед праз сваякоў, адзначае ён. Паводле яго слоў, беларусы будуць сутыкацца з падобнымі праблемамі, асабліва ў краінах, дзе інфармацыі пра Беларусь значна менш, чым у Чэхіі.

Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі з першых дзён падтрымлівае сувязь з бальніцай і сям’ёй, арганізаваў дадатковыя медыцынскія кансультацыі і прыцягнуў міграцыйных юрыстаў. Частка сродкаў, сабраных раней для іншага беларуса, які сутыкнуўся з аналагічнымі цяжкасцямі пры атрыманні абароны ў Чэхіі, будзе накіравана на юрыдычную дапамогу Якаву, паведаміла кіраўніца Офіса Крысціна Шыянок.

«Мы ўсе шчыра спадзяёмся на яго выздараўленне”, — сказала яна.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.