Сярэдні заробак у студзені знізіўся на 355,6 рубля. Ён склаў 2757,1 рубля да выплаты падаходнага падатку. Пра гэта паведаміў Белстат. Нагадаем, у снежні ў Беларусі, як правіла, фіксуецца рэкордны ўзровень намінальнай налічанай сярэдняй зарплаты, што звязана з выплатай прэмій, бонусаў і “трынаццатых заробкаў”. Пры гэтым у студзені звычайна паказчык рэзка зніжаецца як з-за адсутнасці даплат, так і з-за змяншэння колькасці рабочых дзён.
У рэальным выражэнні з папраўкай на інфляцыю сярэдні заробак па краіне вырас на 6,3% у параўнанні са студзенем мінулага года.
У Мінску студзеньская сярэдняя склала 3747,8 рубля, павялічыўшыся за месяц на 187 рублёў. У рэальным выражэнні сталічная сярэдняя за год павялічылася на 4,9%. У Мінскай вобласці сярэдні заробак у снежні быў больш за 2700 рублёў, а ў Гомельскай — больш за 2800 рублёў. Самым нізкім быў сярэдні заробак у Магілёўскай вобласці. Ён склаў 2271,9 рубля, павялічыўшыся за год у рэальным выражэнні на 6,4%.
Першае месца ў зарплатным рэйтынгу ў студзені захавалі работнікі IT-галіны. Іх сярэдні заробак склаў 7939,6 рубля. На другім месцы — работнікі пасажырскага паветранага транспарту з сярэднім заробкам у 7809,5 рубля, а на трэцім — работнікі грузавога паветранага транспарту з сярэднім у 6421,4 рубля.
Самую нізкую зарплату сярод галін, паводле даных Белстата, атрымлівалі ў студзені работнікі цырульняў і салонаў прыгажосці. Яна склала 1419,7 рубля. Работнікі музеяў, бібліятэк і архіваў мелі 1655,8 рубля, а сацыяльныя работнікі — 1920,9 рубля.
Сярэднія заробкі ў раслінаводстве склалі ў студзені 2252,3 рубля, у жывёлагадоўлі — 2338 рублёў. У апрацоўчай прамысловасці сярэдні заробак склаў 2791,6 рубля.
У будаўніцтве ў сярэднім да выплаты падаткаў атрымалі 3117,1 рубля, а ў рознічным гандлі 2291,7 рубля.
Сярэдні заробак у ахове здароўя складаў 2380,1 рубля, а ў адукацыі — 1990,2 рубля.

