У ноч на 26 мая і на працягу папярэдняга дня ўкраінскія маніторынгавыя каналы зафіксавалі як мінімум тры выпадкі залёту расійскіх беспілотнікаў праз тэрыторыю Беларусі. Інфармацыю пра гэтыя выпадкі сабраў «Флагшток».
Гэтым разам парушэнні фіксаваліся пераважна ў Брэсцкай вобласці. Каля 02:50 беспілотнік прыляцеў з Беларусі курсам на Дубровіцу ў Ровенскай вобласці, у 03:20 адзін з дронаў вылецеў з тэрыторыі Ровеншчыны ў напрамку Століна. Раніцай у 07:10 адразу 3 беспілотнікі рухаліся ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы з Жытоміршчыны на Ровеншчыну.
Удзень у панядзелак каля 10:00 быў зафіксаваны залёт дрона на Чарнігаўшчыну з Гомельскай вобласці. Беспілотнік накіроўваўся ў бок Славутыча.
Акрамя таго, паводле даных канала «еРадар», у 23:30 25 мая паблізу Васілевічаў у Рэчыцкім раёне працаваў борт тактычнай авіяцыі, меркавана Су-30.