Сіноптыкі падоўжылі аранжавы ўзровень небяспекі з-за туману да канца дня.
“Сёння, 13 лютага (пятніца), туманы, якія назіраюцца ў цэнтральных раёнах краіны і ў Мінску, захаваюцца да канца дня. Бачнасць у тумане 100–500 м. 14 лютага (субота) на дарогах рэспублікі і Мінска чакаецца галалёдзіца”, – гаворыцца ў папярэджанні.
Пра “аранжавы” туман Белгідрамет папярэджваў учора ўвечары.
Заўтра надвор’е ў Беларусі будзе вызначаць цыклон, які губляе актыўнасць і змяшчаецца з краін Балтыі на паўночныя раёны нашай краіны. Чакаецца перавага воблачнага надвор’я. У многіх раёнах краіны пройдуць ападкі (дождж, мокры снег, снег) (уначы ўмераныя, удзень невялікія). Уначы месцамі па поўначы краіны чакаецца наліпанне мокрага снегу. Уначы і раніцай у асобных раёнах туман, слабы галалёд. Вецер пераменных напрамкаў умераны. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе -4… +2°С, па паўночным захадзе краіны да -10°С.
У наступныя дні пахаладнее, у нядзелю ўначы пры праясненнях тэмпература можа апускацца да -24°С.
