Расследаванне ў дачыненні да абвінавачанай у шпіянажы Кардаш падоўжылі да 20 чэрвеня

Навіны
Инна Кардаш. Фото из Facebook

Дасудовае расследаванне затрыманай ва Украіне грамадзянкі Беларусі Інны Кардаш падоўжылі да 20 чэрвеня. Яна падазраецца ў шпіянажы.

Як паведамляе “Радыё “Свабода” са спасылкай на інфармаваныя крыніцы, тэрмін следства падоўжылі другі раз. Пра падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай для Інны Кардаш паведамлялася ў канцы сакавіка. Тады ён быў падоўжаны да 20 красавіка.

Паводле ўкраінскага заканадаўства на следства даецца 2 месяцы. Далей яго тэрмін можа быць падоўжаны, але ў суме ён не можа перавышаць адзін год.

Таксама, паводле інфармацыі “Свабоды”, следства пакуль не атрымала вынік камп’ютарна-тэхнічнай і семантыка-тэкстуальнай экспертыз, а таксама яшчэ не завяршыла агляд матэрыялаў на камп’ютарных і лічбавых носьбітах, канфіскаваных падчас ператрусу.

Сама Кардаш працягвае скардзіцца на стан здароўя і адсутнасць медыцынскай дапамогі, а таксама ўмовы ўтрымання. Цяпер гэта будзе правяраць пракуратура. Суд ужо абавязаў начальніка СІЗА забяспечыць выкананне правоў Кардаш.

Нагадаем, СБУ і ГУР паведамілі пра затрыманне Кардаш 27 студзеня. СБУ заяўляла, што яна супрацоўнічала з КДБ з 2015 года. Яна працавала на тэлеканале Медведчука «112» і ў «Інтэрфакс Украіна».

У 2020 годзе беларускія спецслужбы накіравалі Кардаш працаваць ва Украіну. У яе заданне ўваходзіў збор інфармацыі пра беларусаў і расіян, якія дапамагаюць Украіне. Таксама яна павінна была ўстанавіць кантакты з супрацоўнікамі пасольства Кітая ва Украіне, каб збіраць разведвальныя дадзеныя пра дзейнасць кітайскіх дыпламатаў ва Украіне.

У 2025 годзе яна ўладкавалася на працу ў Каардынацыйны цэнтр ГУР па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі, дзе збірала службовую інфармацыю — фатаграфавала дакументы і запісвала размовы супрацоўнікаў. Гэтыя дадзеныя яна перадавала ў Беларусь.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.