У выніку расійскага ўдару па Украіне ў ноч з чацвярга на пятніцу быў пашкоджаны будынак пасольства Катара. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Паводле яго слоў, у Кіеве і Кіеўскай вобласці працягваецца ліквідацыя наступстваў абстрэлу, да работ прыцягнуты ўсе экстраныя і камунальныя службы. Пашкоджанні атрымалі 20 жылых дамоў. На дадзены момант вядома пра чатырох загінулых ва ўкраінскай сталіцы. Сярод іх — супрацоўнік хуткай дапамогі. Дзясяткі людзей параненыя. Па адным з жылых дамоў у Кіеве быў нанесены паўторны ўдар у момант аказання дапамогі пасля першага трапляння.
Аднаўленчыя работы таксама вядуцца ў Львоўскай вобласці і іншых рэгіёнах краіны.
Паводле даных украінскага лідара, у ходзе атакі Расія ўжыла 242 беспілотнікі, 13 балістычных ракет па аб’ектах энергетыкі і грамадзянскай інфраструктуры, у тым ліку адну ракету сярэдняй далёкасці «Арэшнік», а таксама 22 крылатыя ракеты. Удары прыйшліся на перыяд рэзкага пахаладання.
Зяленскі паведаміў, што ўлады прымаюць меры для як мага хутчэйшага аднаўлення ацяплення і электразабеспячэння. Сёння запланавана пасяджэнне энергетычнага штаба, на якім будуць вызначаны тэрміны аднаўленчых работ і неабходныя рэсурсы.
“Акрамя нашай звычайнай грамадзянскай інфраструктуры і энергетычных аб’ектаў, гэтай ноччу расійскім дронам быў пашкоджаны будынак Пасольства Катара. Дзяржавы, якая так шмат робіць для пасярэдніцтва з Расіяй, каб вызваліць ваеннапалонных і грамадзянскіх, утрыманых у расійскіх турмах”, — заявіў прэзідэнт.
Ён заклікаў міжнародных партнёраў, перадусім Злучаныя Штаты, да «выразнай рэакцыі».
“Патрэбная выразная рэакцыя свету. Перш за ўсё Злучаных Штатаў, да якіх у Расіі сапраўды прыслухоўваюцца. Расія павінна атрымліваць сігналы, што гэта яе абавязак — засяродзіцца на дыпламатыі і адчуваць наступствы кожны раз, калі яна зноў засяроджваецца на забойствах і разбурэнні інфраструктуры.
Таксама сённяшні ўдар максімальна гучна нагадвае ўсім нашым партнёрам, што падтрымка ППА для Украіны — гэта пастаянны прыярытэт. Нельга губляць ніводнага дня ў пастаўках, у вытворчасці, у дамоўленасцях. Будзем сёння на ўсіх узроўнях інфармаваць партнёраў пра тое, што адбылося і якія меры ў адказ нам патрэбныя. Дзякуй усім, хто з Украінай!” — заявіў Зяленскі.
