Аляксандр Лукашэнка назваў хакейнае “Дынама-Мінск” ідэалагічным праектам. Ён патрабуе ад каманды, як і ад усяго спорту, вынікаў.
“Давайце шчыра казаць, — гэта такі важны ідэалагічны праект у нашай краіне. Народная каманда, як яе вызначылі. Гэта галоўны ідэалагічны праект. Але калі гэта важны праект, на які мы можам абапірацца, то яго трэба развіваць. Што прагрэс у каманды відавочны — гэта факт. Ніхто гэтага не аспрэчвае. Тое, што каманда не дасягнула таго, чаго павінна была дасягнуць і што абяцала, — гэта факт”, — сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.
Лукашэнка лічыць, што каманда павінна заваяваць галоўны кубак Кантынентальнай хакейнай лігі.
“Рухацца трэба далей і падбіраць трэба людзей пад тое, як мы будзем рухацца. І сістэму трэба выбудоўваць пад гэта. Пытанне ў тым, як рухацца далей, як не страціць тое, што ёсць. Мэта адна: у чвэрцьфінал трапілі, заўтра трэба кубак браць”, — сказаў ён.
Трэба адзначыць, што хакей нясе ідэалагічную нагрузку яшчэ з савецкіх часоў. Дастаткова ўзгадаць рэгулярныя серыі матчаў паміж зборнымі СССР і ЗША, а таксама матчы з Канадай. Таксама асаблівым супрацьстаяннем заўсёды былі гульні паміж зборнымі Чэхаславакіі і СССР пасля падаўлення савецкімі войскамі Пражскай вясны 1968 года.
Фармальна сённяшняя нарада была прысвечаная развіццю хакея, але Лукашэнка прапанаваў паглядзець на спорт шырэй.
“Сённяшняя размова, калі ў шырокім сэнсе разглядаць, — гэта размова пра сітуацыю ў спорце наогул. І калі б у нас быў спорт па ўсіх кірунках, хаця б мы развівалі, як у савецкія часы (у нас школы былі нядрэнныя), гандбол, футбол, хакей, яшчэ нейкія віды… Лёгкая атлетыка. Пачынаем мы прасядаць у зімовых відах спорту, лыжнікаў увогуле не відаць. Баюся, што заўтра весляры “забягуць пад хвалю”.
Патрэбны вынік! Няма выніку — няма руху — няма працы!” — запатрабаваў ён.
Лукашэнка таксама раскрытыкаваў беларускіх футбалістаў, якія згулялі ўнічыю таварыскі матч са зборнай “Буркіна-Фасо”. Ён скончыўся з лікам 2:2, хоць беларусы па ходзе гульні вялі 2:0.
“Чаму я звярнуўся да спорту — не толькі да хакея: ужо і прэзідэнта пачынаюць крытыкаваць за тое, што я больш увагі надаю хакею. Калі футбалісты будуць гуляць так, як у нас хакеісты гуляюць, я з вялікім задавальненнем буду надаваць увагу і футболу. Але там пакуль няма на што глядзець”, — сказаў ён.
“Ну так, Буркіна-Фасо — нядрэнная каманда. Мы нібыта 2:0 вялі. А потым на фінішы — як звычайна. Пра што гэта гаворыць? Пра тое, што мы не рыхтуемся, мы фізічна не ўмеем гуляць. Або трэнерскі склад (хоць не магу сказаць, што яны дрэнна пачалі) на чале з Ганчарэнкам — не падрыхтавалі каманду як след, каб да апошняй хвіліны пацярпець і атрымаць перамогу”, — дадаў Лукашэнка.
Ён адзначыў, што яго нельга папракнуць у тым, што ён не надае ўвагі футболу, бо пад гэтай увагай разумеецца выдзяленне грошай.
“У нас жа “надаваў увагу” — гэта грошы давай. Ну далі дынамаўцам Мінска міністра і грошай. І што, лепш гуляць сталі? У кубках вызначыліся, яшчэ дзесьці? Таму не трэба крыўдзіцца на тое, што я менш увагі надаю футболу. Нічога не менш, хапае”, — сказаў ён.
У выніку Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі спорт №1 — гэта хакей.
“Футбол і хакей — гэта асноўныя віды спорту ўсюды, таму што яны масавыя, гэта народныя віды спорту. Па сваім асабістым жыцці я заўсёды прызнаваў, што гуляў у футбол, а не ў хакей. Улетку — у футбол, узімку — у хакей. Са школьнага ўзросту”, — сказаў ён.