Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы па факце незаконнага збыту і захоўвання падробленых грашовых сродкаў. Абвінавачанні прад’яўлены дзвюм мінчанкам ва ўзросце 22 і 41 года і 31-гадоваму жыхару Барысава. Паводле паведамлення СК, непрыемнасці яны зарабілі сабе з-за алкаголю.
Паводле версіі следства, восенню мінулага года кампанія распівала спіртное. Калі алкаголь і грошы скончыліся, адна з прысутных успомніла, што ў яе ў сумачцы знаходзяцца тры купюры наміналам па 100 рублёў кожная. Напярэдадні іх перадаў знаёмы, пры гэтым папярэдзіў яе, што надрукаваў іх на прынтары – яны не з’яўляюцца сапраўднымі і толькі маюць знешняе падабенства з сапраўднымі банкнотамі.
Нягледзячы на гэта, нецвярозая кампанія ўсё ж вырашыла пусціць банкноты ў абарот. Яны купілі прадукты і спіртное ў краме, а касірка не заўважыла падману. Натхнёныя поспехам, яны прарабілі трук яшчэ двойчы, забіраючы здачу, выдадзеную сапраўднымі грашыма.
Падробкі былі выяўлены пры здачы выручкі ў банк. На банкнотах не было элементаў абароны, а таксама прысутнічалі аднолькавыя серыйныя нумары.
Сычыкі па запісах з камер відэаназірання ўстанавілі ўсіх удзельнікаў.
Двое фігурантаў знаходзяцца пад вартай, трэцяя – пад падпіскай аб нявыездзе.
Ім прад’яўлена абвінавачанне па ч. 1 арт. 221 (захоўванне з мэтай збыту, збыт падробленых банкнот у афіцыйнай грашовай адзінцы Рэспублікі Беларусь) і па ч. 2 арт. 221 (захоўванне з мэтай збыту, збыт падробленых банкнот у афіцыйнай грашовай адзінцы Рэспублікі Беларусь, здзейсненыя паўторна) Крымінальнага кодэкса.
