МУС Беларусі адсправаздачылася аб выніках міжнароднай антынаркатычнай аперацыі «Канал-Бурштыновы бераг», якая праходзіла з 29 чэрвеня па 3 ліпеня на тэрыторыі краін АДКБ. Вынікі падвялі ў Калінінградзе, у працы штаба ўдзельнічала дэлегацыя МУС Беларусі на чале з намеснікам міністра ўнутраных спраў Генадзем Казакевічам.
Паводле інфармацыі ведамства, у ёй было задзейнічана каля 39 тысяч супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, памежных і мытных структур, службаў дзяржаўнай бяспекі і фінансавых разведак краін АДКБ, а таксама назіральнікі з Кітая, Ірана і Малайзіі. Асноўнымі мэтамі названыя спыненне каналаў кантрабанды наркотыкаў, ліквідацыя падпольных лабараторый і фінансавай інфраструктуры наркагандлю.
З незаконнага абароту канфіскавана больш за 3,5 тоны забароненых рэчываў, 24 адзінкі зброі і каля 700 патронаў, спынена дзейнасць сямі лабараторый, затрыманыя 417 чалавек, з якіх 131 знаходзіўся ў вышуку. Таксама паведамляецца пра выяўленне больш за 2 тысяч падазроных фінансавых аперацый на суму больш за 100 мільёнаў расійскіх рублёў.