Урад Канады рэкамендуе сваім грамадзянам не наведваць Беларусь. 2 ліпеня ў абноўленыя рэкамендацыі дадалі новую прычыну. Яна датычыцца дзяцей грамадзян Беларусі.
Улады Канады папярэджваюць, што дзеці грамадзян Беларусі, якія нарадзіліся ў Канадзе і маюць канадскае грамадзянства, могуць таксама мець і беларускае грамадзянства, нават не падазраючы пра гэта. Пры наведванні Беларусі такія людзі могуць падпасці пад абавязковы прызыў у войска.
Сапраўды, закон Беларусі аб грамадзянстве абвяшчае, што дзіця набывае грамадзянства Беларусі па нараджэнні, калі на дзень нараджэння дзіцяці «хаця б адзін з бацькоў дзіцяці з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь незалежна ад месца нараджэння дзіцяці».
Канадскія ўлады таксама папярэджваюць, што грамадзянам Беларусі незалежна ад наяўнасці канадскага грамадзянства можа быць адмоўлена ў доступе да консульскіх паслуг Канады.
«Калі ў вас ёсць сямейныя сувязі з Беларуссю, перад паездкай у Беларусь вам варта звярнуцца ў найбліжэйшую амбасаду або консульства Беларусі, каб удакладніць магчымыя абавязкі, звязаныя з грамадзянствам», — гаворыцца ў папярэджанні.
У рэкамендацыях урада Канады Беларусь знаходзіцца ў чырвоным спісе краін з пазнакай «пазбягаць любых паездак».