МЗС Беларусі выступіла з заявай у сувязі з агнястрэльным раненнем грамадзяніна Беларусі. МЗС заяўляе, што 12 мая ў мужчыну стралялі польскія праваахоўнікі, памылкова прыняўшы яго за члена злачыннай групоўкі.
«12 мая 2026 г. у Польшчы грамадзянін Беларусі атрымаў агнястрэльнае раненне. Паводле атрыманай інфармацыі, польскія праваахоўнікі памылкова прынялі групу беларусаў за членаў злачыннай групоўкі, што і прывяло да прымянення зброі», — заяўляе МЗС.
Паводле інфармацыі беларускага боку, у Польшчы пачалі расследаванне па факце інцыдэнту.
«Разам з тым вітаем пачатак следчых дзеянняў з боку Пракуратуры Польшчы і кваліфікацыю таго, што адбылося, як перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Разлічваем на аб’ектыўнае расследаванне, устанаўленне вінаватых і іх прыцягненне да адказнасці», — гаворыцца ў заяве.
Падрабязнасці інцыдэнту не прыводзяцца.
МЗС рэкамендуе грамадзянам Беларусі ўлічваць рызыкі пры паездках за мяжу.
«Гэты інцыдэнт прымушае сур’ёзна засумнявацца ў рэальным узроўні бяспекі, які дэкларуецца польскім бокам. У сувязі з гэтым МЗС рэкамендуе грамадзянам Беларусі ўлічваць падобныя рызыкі пры планаванні замежных паездак: як паказвае практыка, нельга выключаць, што законапаслухмяны грамадзянін можа быць памылкова прыняты за правапарушальніка і падвергнуты несувымернаму сілавому ўздзеянню», — заявілі ў міністэрстве.
Нагадаем, 18 мая МУС паведаміла, што ў адну з бальніц паступіў 60-гадовы мужчына з агнястрэльнымі раненнямі галавы і нагі. Сцвярджалася, што раненні ён атрымаў у Польшчы.