Пасля аварыі з аўтобусам у польскім Жэшуве беларускі бок знаходзіцца ў кантакце з кампетэнтнымі органамі Польшчы. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі, піша БелТА.
Паводле інфармацыі ведамства, сітуацыя знаходзіцца пад кантролем.
“Беларускі бок знаходзіцца ў кантакце з кампетэнтнымі органамі Рэспублікі Польшча, сітуацыя знаходзіцца пад кантролем. Консульства ў Бяла-Падлясцы прымае неабходныя меры па аказанні садзейнічання грамадзянам”, — паведамілі ў МЗС.
Нагадаем, раніцай 14 снежня ў польскім Жэшуве на кальцавой развязцы Куроня адбылося ДТЗ з удзелам аўтобуса з групай з 48 грамадзян Беларусі, які накіроўваўся ў Венгрыю. Транспартны сродак, паводле папярэдніх даных, праехаў праз цэнтральную частку кальца і спыніўся на зялёнай зоне. 14 грамадзян Беларусі з траўмамі лёгкай і сярэдняй ступеняў цяжкасці былі шпіталізаваныя і размешчаныя ў пяці медыцынскіх установах горада Жэшува, ім аказваецца неабходная медыцынская дапамога.