Міністр абароны Літвы Робертас Каўнас выказаў арыгінальную ідэю, як распарадзіцца сродкамі ад транзіту беларускіх калійных угнаенняў, калі Вільня ўсё ж такі будзе вымушаная яго аднавіць.
«Калі б нас, скажам так, “прымушалі” выбіраць, тады трэба было б дыскутаваць. А калі дыскутаваць, то неабходна мець варыянты», — прыводзіць яго словы LRT са спасылкай на BNS.
«Порт Клайпеды з’яўляецца найбольш зручным для экспарту, і тут мы вяртаемся да пытання пра 300 мільёнаў. Чаму б не накіраваць гэтыя 300 мільёнаў ва Украіну як дадатковыя сродкі? Такім чынам мы нібыта забіваем двух зайцоў адным стрэлам. Але пакуль гэта толькі інтэрпрэтацыя», — дадаў ён.
Нагадаем, нядаўна ЗША прыпынілі санкцыі ў дачыненні да беларускай калійнай галіны. Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі выдала ліцэнзію на ажыццяўленне аперацый з «Беларуськаліем», БКК і іх даччынымі структурамі. Пры гэтым Еўразвяз не адмяняў санкцыі ў дачыненні да беларускага калію, яго транзіт праз ЕС па-ранейшаму забаронены. Разам з тым дзеянні ЗША далі падставу для дыскусіі вакол магчымасці аднаўлення транзіту праз Літву.