Міністэрства фінансаў спыніла дзеянне ліцэнзіі на права ажыццяўлення страхавой дзейнасці ЗАСТ «Кентаўр».
«Рашэнне прынята ў сувязі са сканчэннем тэрмінаў, адведзеных для выканання страхоўшчыкам патрабавання рэгулятара па фарміраванні мінімальнага памеру статутнага фонду ў памеры, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь», — паведамляе прэс-служба Мінфіна.
З моманту спынення дзеяння ліцэнзіі кампанія павінна перадаць абавязацельствы па раней заключаных ёю дамовах страхавання іншай страхавой арганізацыі або скасаваць дамовы (за выключэннем выпадкаў узнікнення абавязацельстваў па ажыццяўленні страхавых выплат) і вярнуць страхавальнікам частку страхавога ўзносу, прапарцыйную часу, што застаўся да заканчэння страхавання. Таксама кампанія павінна ажыццявіць страхавыя выплаты, якія ўзніклі да скасавання дагавораў страхавання.
Абавязацельствы, прынятыя ЗАСТ «Кентаўр» па дамовах страхавання, будуць перададзены “Белдзяржстраху”.
У ліпені 2025 года Мінфін прыпыняў дзеянне ліцэнзіі на паўгода — да 9 студзеня 2026 года.
«Кентаўр» — адна з найстарэйшых страхавых кампаній Беларусі, была заснаваная ў 1991 годзе. У 2020 годзе рахункі кампаніі часова блакаваліся ДФР па справе «Белгазпрамбанка».
