Марына Адамовіч падзялілася хатнімі фота свайго мужа Мікалая Статкевіча пасля яго вызвалення.
«Сіеста і сеанс ад найлепшых тэрапеўтаў», — напісала яна ў каментарыі да здымкаў у Facebook.

Нагадаем, Мікалай Статкевіч быў асуджаны ў 2021 годзе па «справе Ціханоўскага» на 14 гадоў пазбаўлення волі, яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў. У калоніі ён доўгі час знаходзіўся ў рэжыме інкамунікада. За час зняволення ў яго было толькі адно кароткатэрміновае спатканне з жонкай — у чэрвені 2022 года.
Мікалай Статкевіч быў сярод 52 палітвязняў, якія былі вызвалены 11 верасня 2025 года. Усіх палітвязняў вывезлі ў Літву. Аднак Мікалай Статкевіч адмовіўся выязджаць, ён выбег з аўтобуса і застаўся на тэрыторыі Беларусі. Некалькі гадзін ён знаходзіўся паміж двума пунктамі пропуску, пазней яго вывезлі людзі ў масках.
Пазней СМІ атрымалі інфармацыю, што Мікалай Статкевіч зноў знаходзіцца ў турме ў Глыбокім, аднак дакладна пра гэта стала вядома толькі пасля яго вызвалення. Марына Адамовіч падала ў міліцыю заяву пра яго знікненне.
19 лютага жонка паведаміла пра яго вызваленне. У цяперашні час Статкевіч знаходзіцца ў сябе дома ў Мінску. 21 студзеня ён перанёс інсульт, у яго парушана мова.
Прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што ён ўхваліў просьбу сваякоў Мікалая Статкевіча адпусціць яго пасля хваробы.
