Лукашэнка заявіў, што параіў Трампу даць Ізраілю паваяваць з Іранам без амерыканцаў

Галоўнае
Изображение: Пул первого

Аляксандр Лукашэнка сёння заявіў, што даў параду Дональду Трампу пакінуць Ізраіль сам-насам з Іранам. Паводле яго слоў, падобна, амерыканскі прэзідэнт прыслухаўся да парады.

“Амерыканцы малайцы. Яны пачалі рабіць тое, што я Трампу параіў у апошніх перамовах. Магу ўжо сёння сказаць. Яўрэі прыехалі да яго, ізраільцяне (пра Халакост, пра ўсё забылі, Газу выраўнялі, дзеткі загінулі там, людзі загінулі), пачалі яго клікаць супраць Ірана ваяваць. Пайшоў. Што рабіць цяпер? Я ім кажу: “Ізраіль хацеў павоеваць супраць Ірана — няхай павоюе. Дайце яму паваяваць, вы чаго туды лезеце, вы ж пахаваеце там сваіх людзей”, — сказаў Лукашэнка.

Нагадаем, падчас апошняга візіту спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла ў Мінск Лукашэнка пачаў сустрэчу з прапановы абмеркаваць вайну з Іранам. На наступны дзень пасля сустрэчы Лукашэнка заяўляў, што прапанаваў амерыканцам сваё бачанне завяршэння вайны.

“І труны патроху пачалі ў Амерыку паступаць. І грамадства абурылася. Ужо дзве трэці не ўхваляюць гэтую авантуру. Таму я кажу: “Перадайце Дональду, няхай ён дасць Ізраілю павоеваць з Іранам. Вось і ўбачым, што атрымаецца”. А чужымі рукамі мы ўсе ўмеем ваяваць. Як ва Украіне Захад ваюе”, — працягнуў сёння Лукашэнка.

На яго думку, здаровы сэнс узяў верх.

“Бачу, што здаровы сэнс узяў верх. Патроху-патроху адтуль сыходзіць. Вы чуеце гэтыя заявы: “мы там разбамбілі”, “ракетай забілі”, “уран заўтра забяром”. Але галоўнае — гэта нафта: “Востраў Харк захопім”. Гэты востраў ад Армузскага праліва ў сотнях кіламетраў, ён ніяк не ўплывае на праходжанне суднаў там. Але амерыканцы патроху адтуль пачалі сыходзіць. Упэўнены, і яўрэі зразумеюць, што яны не туды ўлезлі”, — сказаў ён.

Лукашэнка таксама дадаў, што Ізраілю не пад сілу захапіць увесь свет.

“А з такім дзяржавай і з такім насельніцтвам увесь свет не захопіш. Думалі, што гэта зробяць амерыканцы. Але тыя своечасова апамяталіся”, — сказаў ён.

Лукашэнка не прамінуў таксама своеасаблівым чынам пахваліць Трампа за яго палітыку.

“Паглядзіце на Трампа, на Амерыку. Я чаму ўхваляю (адносна, жартам кажу) яго палітыку: ён яе агаліў да немагчымасці. Ён паказаў: “Якія правы чалавека, якая дэмакратыя?! Нафта!” І дзеля гэтага будуць забіваць, будуць закідваць ракетамі, будуць усё рабіць. Будуць гінуць амерыканцы дзеля таго, каб яны там і іншыя нармальна або нават добра жылі, мільярды зараблялі”, — сказаў ён.

Аднак, на яго думку, гэта не тая палітыка, якая падыходзіць яму.

“Гэта не наша палітыка. Мы так не можам будаваць сваю палітыку. Але мы ўбачылі сапраўднае аблічча гэтых людзей, якія калісьці хацелі, каб так жа было ў нас. У нас будзе так, як вы вырашыце. Хочаце так, як у іх, — будзе так. Хочаце, як асобныя кажуць, рэформаў, — калі ласка, я вам магу за суткі арганізаваць гэтыя рэформы, я навучыўся, умею гэта рабіць”, — прыгразіў ён.

Лукашэнка таксама нагадаў прысутным пра сваё разуменне правоў чалавека.

“Я вас не агітую, не выступаю супраць барацьбы за дэмакратыю, правы чалавека, яшчэ нешта. Вось правы чалавека. Каб маглі прыйсці ў самую сучасную паліклініку, калі, не дай бог, нейкая хвароба, атрымаць дапамогу. Каб маглі атрымаць працу, нейкую капейку, каб пражыць можна было, пракарміць сям’ю”, — заключыў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.