Аляксандр Лукашэнка прапанаваў пашырыць сетку рэстаранаў хуткага абслугоўвання «Мак.бай», у тым ліку адкрыць установы ў раённых цэнтрах.
Паводле яго слоў, калі на гэта ёсць попыт, дзяржава гатовая аказаць фінансавую падтрымку з бюджэту на зваротнай аснове.
«Трэба больш зрабіць. Калі патрэбна нейкая капейка — з вяртаннем, ненадоўга. Мы дапаможам з бюджэту, але не на вялікі прамежак часу, — прыводзіць яго словы прэс-служба. — Калі ёсць попыт на гэта, трэба і ў раённых цэнтрах адкрываць».
Лукашэнка таксама выказаўся пра практыку выкарыстання фудтрака — мабільнага рэстарана, які працуе не толькі ў сталіцы, але і выязджае ў іншыя гарады.
«Трэба глядзець на попыт. Калі гэты трак дапамагае, людзі ідуць і ядуць — хай будзе. Калі не — вядома, трэба стацыянар», — дадаў ён.
