Былы старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін можа атрымаць прызначэнне на працу за мяжой. На гэта намякнуў Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы сёння кіраўніком Віцебскай вобласці пасла Беларусі ў Расіі Аляксандра Рагожніка.
«Мы плануем, у бліжэйшы час даведаецеся, загрузіць яго на ўсю катушку. Загрузіць яго з ног да галавы. Калі характар ёсць, то пацягне. Гэта тычыцца знешняга контуру нашай краіны і іншых напрамкаў, дзе трэба сур’ёзна папрацаваць», — сказаў Лукашэнка пра Субоціна.
Аляксандр Субоцін узначальваў Віцебскі аблвыканкам у 2021–2026 гадах. Да гэтага ў 2020–2021 гадах ён быў віцэ-прэм’ерам. Таксама за час сваёй кар’еры Субоцін паспеў двойчы пабываць памочнікам Лукашэнкі. На «знешнім контуры» ў 2018–2020 гадах ён быў членам Калегіі (міністрам) ЕЭК па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе. Да гэтага ў якасці намесніка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання — дырэктара ДПВН займаўся пытаннямі ўрэгулявання спрэчак адносна паставак айчыннай прадукцыі ў Расію.
