Аляксандр Лукашэнка сёння канцэптуальна падтрымаў прапанову аб узбуйненні Дрыбінскага раёна. Пра гэта паведаміў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачэнка.
«Раён будзе ўзбуйняцца за кошт Чавускага, Горацкага, Магілёўскага раёнаў. Аляксандр Рыгоравіч даручыў адпрацаваць і ўнесці нарматыўна-прававы акт. Сумесна з урадам яшчэ раз уважліва адпрацуем усе моманты, каб мінімізаваць праблемы для людзей», — расказаў ён, перадае БелТА.
Агульная плошча раёна павялічыцца з 76,6 тыс. га да 96 тыс. га, а плошча сельскагаспадарчых угоддзяў вырасце з 40 тыс. га да 56 тыс. га. Змены закрануць 27 населеных пунктаў з насельніцтвам каля 960 чалавек.
«„Аграмашсэрвіс“ зойдзе і будзе гаспадарыць на зямлі. Прадпрыемства будзе працаваць ужо на тэрыторыі Дрыбінскага раёна, але на землях Чавускага, якія мы перадаём. Ствараем прадпрыемства „Зара-Агра“, якое будзе працаваць у Дрыбінскім раёне, але землі будуць Чавускага і Магілёўскага раёнаў.
Наша племаб’яднанне, пашырэнне вытворчасці племянных быкоў мясных парод, — мы ім дадаткова выдзяляем да 2 тыс. га зямлі, плюс будаўніцтва комплексу — за кошт зямель Дрыбінскага раёна плюс зямель Магілёўскага раёна. „Горацкі элеватар“ будзе пашыраць свае плошчы і прысутнасць», — дадаў Ісачэнка.