Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэўся з паслом Казахстана ў Беларусі Цімурам Жаксылыкавым. Падставай стаў канстытуцыйны рэферэндум, які прайшоў у гэтай краіне на выходных, на якім новы Асноўны закон падтрымалі 87,15% выбаршчыкаў, што прыйшлі на ўчасткі.
“Усё ж такі, як ні кажы, гэта падтрымка прэзідэнта. Ён рызыкнуў у гэты няпросты час, унёс на рэферэндум вельмі важныя для Казахстана пытанні, і народ — і па яўцы, і асабліва па галасаванні (87 з лішнім працэнтаў) прагаласаваў. Уражвальны вынік.
Я хачу вас павіншаваць. І прашу вас: перадайце Касым-Жамарту Кемелевічу самыя цёплыя мае пажаданні і віншаванні з вынікам. Ён малайчына. І павіншаваць казахскі народ, казахстанцаў з гэтым поспехам”, — сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.
Нагадаем, Канстытуцыю Казахстана абнаўляюць на 80%. У краіне замест двухпалатнага будзе аднапалатны парламент, з’явіцца пасада віцэ-прэзідэнта і г.д.
Лукашэнка таксама закрануў і эканамічнае ўзаемадзеянне з Казахстанам. Ён адзначыў, што гэтая краіна з’яўляецца ключавым партнёрам у Цэнтральнай Азіі.
“Вялізная краіна, вялікае насельніцтва. Вельмі добрыя сувязі, вельмі добрыя планы нашага супрацоўніцтва”, — сказаў ён.
Як звычайна, ён прапанаваў значна павялічыць тавараабарот.
“Мы без праблем можам падвойваць тавараабарот. У нас ёсць імкненне да гэтага”, — падкрэсліў ён.
Узаемны гандаль таварамі і паслугамі паміж дзвюма краінамі ўжо перавышае 1,5 млрд долараў, а гандаль таварамі ў мінулым годзе склаў 1,383 млрд долараў, з якіх 1,078 млрд долараў прыпадае на беларускі экспарт.
У сваю чаргу Жаксылыкаў назваў супрацоўніцтва паміж краінамі актыўным.
“У нас вельмі актыўнае гандлёва-эканамічнае, інвестыцыйнае супрацоўніцтва. Па выніках мінулага года рост тавараабароту склаў каля 30%. Вельмі добрыя паказчыкі. Прычым у нас па ўсіх напрамках ідзе рост па ўсіх складніках. Гэта датычыцца і імпарту ў Казахстан, і экспарту ў Беларусь, і па гандлі паслугамі”, — сказаў ён.
Пасол адзначыў, што ў Казахстане рады бачыць беларускіх прадпрымальнікаў у розных сферах эканомікі, у тым ліку ў перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны, яе вытворчасці, у транспартна-лагістычнай сферы, сферы лічбавай эканомікі.
