Аляксандр Лукашэнка сёння прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця ў Мінску 42-й гарадской паліклінікі ў мікрараёне Усходні. У сваім выступленні ён казаў пра вайну, як згуртаваць краіну з дапамогай медыцыны, а таксама ў чарговы раз “разгружаў Мінск”, каб выратаваць вёску.
“Мы стараліся стварыць тут вельмі добрую клініку, паліклініку будучыні. Каб тут узровень быў не горшы, чым за мяжой. І каб вы захапляліся сваімі аб’ектамі, а не нейкімі, бачачы іх па тэлебачанні. Такую паліклініку мы стварылі. У нас падзея сімвалічная, і не толькі для Уручча і горада-героя Мінска. Адкрываем самую сучасную, самую прасунутую. Так павінна быць. З кожным разам мы больш сучасныя аб’екты і аховы здароўя, і адукацыі адкрываем. І тым самым мы завяршаем фарміраванне сеткі сацыяльных устаноў гэтага мікрараёна”, — сказаў ён.
Лукашэнка падкрэсліў, што сам даручыў забудоўваць мікрараён.
“Пад’язджаючы ў гэты цудоўны куток нашай Беларусі, я падумаў пра той працяглы перыяд свайго жыцця, які прайшоў у гэтым мікрараёне. Тады ён быў не такім прыгожым. І, праязджаючы па гэтай дарозе, я заўсёды мэру Мінска казаў, што пуставаць гэты ўчастак не павінен — тут павінны жыць людзі. Таму што гэта адзін з найпрыгажэйшых і зручных куткоў нашага Мінска. Ён ператварыўся. Бачу, што краіна ператвараецца. Галоўнае, што мы жывём мірна, ціха, спакойна”, — сказаў ён.
Паводле слоў Лукашэнкі, у паліклініцы будуць працаваць лепшыя медыкі. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ні ў якім разе не хоча пакрыўдзіць раённых урачоў.
“Тут будуць служыць самыя прасунутыя, самыя лепшыя медыкі. Не таму, што дзе-небудзь у Мсціславе, Хоцімску, Лідзе, Стоўбцах і іншых гарадах нашы медработнікі горшыя. А таму, што мінскія медыкі могуць раней за іншых дакрануцца да самых сучасных тэхналогій і іх асвоіць. Уладзімір Яўгенавіч (Кухараў. — заўв.), хто-хто, а ты ведаеш, колькі мы сродкаў укладваем у Мінск. Мы тут ствараем вельмі сур’ёзную базу”, — працягнуў ён.
«Давайце спынім ныць і плакаць, што ў нас людзей не хапае. Мне хочацца, каб у Беларусі ўсё было прыгожа і якасна. Людзей у нас хапае. Трэба выбудаваць сістэму так, каб тыя людзі, якія ёсць, маглі працаваць, і зарабляць, і абслугоўваць насельніцтва. Гэта больш чым на 200 працэнтаў датычыцца Міністэрства аховы здароўя. Медыкі як прэзідэнт: колькі трэба, столькі і працуюць”, — дадаў Лукашэнка.
Ён таксама даручыў прапрацаваць рашэнні, каб мінскія аб’екты сістэмы аховы здароўя працавалі і на іншыя рэгіёны.
“Трэба зрабіць так, каб тыя, хто жыве далей ад Мінска, маглі таксама атрымаць тут дапамогу. Вядома, гэта мы для Мінска робім. Там мы робім для іншых раёнаў, рэгіёнаў. Але тут больш прасунутыя тэхналогіі. Нельга зрабіць так, каб на ўскраінах нашай краіны, далей ад Мінска, людзі адкідвалі мінчан. Развіваючы Мінск, я раблю ўсё, каб не было гэтага кантрасту. Каб не было супярэчнасцяў у нашай краіне. Краіна павінна быць адзінай, маналітнай. І ад нашых крокаў па забеспячэнні здароўя нашых людзей будзе вельмі шмат залежаць. Трэба падумаць над гэтым”, — сказаў ён.
Лукашэнка не прамінуў і папалохаць прысутных вайной, калі яны не будуць згуртаваныя вакол яго.
“Усе мы, беларусы, мы без вайны жывём, таму што мы адзіныя. Мы прышчэпку атрымалі апошнюю ў 2020 годзе. Медыкі ведаюць, якую. Убачылі, адчулі, хлебнулі, параўналі, зрабілі высновы. Мы бачым, хто зрабіў высновы, — ідзіце, жывіце, гэта ваша зямля. Я не маю права вас пазбавіць гэтага кавалка зямлі. Але калі вы прыйдзеце да нас зноў са зброяй і паспрабуеце гэта ўсё перавярнуць, пеняйце самі на сябе. Мы гэтага не дапусцім. І чаго б мне ні каштавала, я перш за ўсё выйду на абарону спакойнага і мірнага вашага жыцця.
Справа не ва мне. Пражыву я. Але мая адказнасць як прэзідэнта, якога вы выбіралі, — абараніць вас і вашу сям’ю, вашых дзяцей. У гэтым прызначэнне любога прэзідэнта”, — сказаў ён.
Не абышлося і без любімай тэмы Лукашэнкі, якая датычыцца неабходнасці “разгрузіць Мінск”.
“Так, будзем дзе-небудзь патроху будаваць жыллё. Але не думайце, што мы будзем размахвацца па жыллі, як гэта раней у Мінску. Гэта перш за ўсё ў вашых інтарэсах. Калі перанаселім Мінск, мы, па-першае, сцягнем усю працоўную сілу, што рабіць ні ў якім разе нельга. Вы бачыце, у нас ужо дэфіцыт працоўнай сілы ў рэгіёнах, асабліва ў сельскай гаспадарцы.
А есці ўсе хочам. І якасна хочам. Ведаеце, колькі я ўвагі надаю сельскай гаспадарцы. І нават не сельскай гаспадарцы, а выратаванню вёскі. Трэба захаваць вёску. Без яе мы нішто. Ну, будзем хутка ездзіць у аўтобусах даіць кароў у вёску, калі будзем праводзіць такую палітыку. Таму трэба будаваць і там. І, па-другое, трэба разгрузіць Мінск. Вы бачыце, што ў гадзіны пік ужо не прабіцца”, — сказаў ён.
Трэба адзначыць, што нягледзячы на заявы Лукашэнкі ў Мінску рэалізуюцца буйныя праекты па будаўніцтве жылля. Акрамя “Мінск-Міра”, гэта і “Паўночны Бераг”, і раён “Зялёны Бор” на месцы былога палігона. Таксама актыўна будуецца жыллё адразу за кальцавой дарогай, фармальна ўжо на тэрыторыі Мінскага раёна. У 2025 годзе насельніцтва Мінска скарацілася на 1639 чалавек да 1,995 млн чалавек, але адначасова насельніцтва Мінскага раёна павялічылася на 6555 чалавек.
