Іран ніколі не прасіў у Беларусі ракеты, а калі б прасіў, Мінск бы іх не паставіў, заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка. Пытанне пра ракеты, якія Іран нібыта прасіў у Беларусі, узняла ўчора на перамовах амерыканская дэлегацыя, паведамляе БелТА.
Лукашэнка падкрэсліў, што ніколі не паставіў бы ракеты Ірану, бо той ваюе з ЗША.
«Яны ў нас ніколі не прасілі ракеты. Нават калі б прасілі, мы б гэтыя ракеты не маглі ім паставіць. Бо гэта вайна з амерыканцамі. Мы гэтай вайны не хочам. Трэба было да вайны па ракетах размаўляць. Мы па многіх рэчах у ВПК размаўлялі з іранцамі, абмяркоўвалі. Але да ракет справа не даходзіла», — сцвярджае Лукашэнка.
Лукашэнка заявіў, што пастаўляючы зброю аднаму боку, краіна стала б саўдзельнікам вайны, а «нам гэта не трэба». Пры гэтым супрацоўніцтва ў ваеннай сферы з Расіяй яго не бянтэжыць.
«Калі ваююць два бакі і ты пачынаеш туды везці зброю, значыць, ты становішся калі не саўдзельнікам, то прыхільнікам гэтай вайны і нейкі бок падтрымліваеш. Нам гэта трэба? Нам гэта не трэба. Ну і іранцы нас пра гэта не прасілі. Такі эпізод, калі мы абмяркоўвалі некаторыя праблемы. Я пра гэта вельмі адкрыта заўсёды кажу», — заявіў Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў, што Беларусь з’яўляецца саюзнікам краін, якія ўдзельнічаюць у іранскім канфлікце на розных баках. «Нашы людзі і там, і там. Усе пакутуюць», — сказаў ён.
