Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка праінфармаваў прадстаўнікоў Нацыянальнага банка аб праблемах з адкрыццём і блакаваннем рахункаў беларусаў у камерцыйных банках Польшчы, а таксама выказаў прапановы па вырашэнні гэтай сітуацыі.
Тэма была ўзнятая 9 студзеня на сустрэчы палітыка з намеснікамі дырэктара Дэпартамента статыстыкі Яцэкам Кацэркам і Гжэгажам Дабрачэкам.
Кіраўнік НАУ распавёў, што праблемы ўзнікаюць у грамадзян з пратэрмінаванымі беларускімі пашпартамі, уладальнікаў статусу міжнароднай абароны і асоб, якія чакаюць яго атрымання.
Таксама ў сувязі з неадназначнай трактоўкай апошняга пакета санкцый ЕС значная колькасць грамадзян сутыкнулася з пагрозай блакавання банкаўскіх мабільных прыкладанняў. Палітык падкрэсліў, што ўсе беларусы, якія законна знаходзяцца ў Польшчы — тыя, што чакаюць легалізацыі, працуюць па найме, вядуць бізнес або навучаюцца, — павінны мець права на банкаўскі рахунак і доступ да мабільнага прыкладання незалежна ад наяўнасці дзейнага віду на жыхарства. Ён нагадаў, што, у тым ліку, гэта вынікае з артыкула 108 закона Польшчы аб замежніках.
Прадстаўнікі польскага боку заявілі пра гатоўнасць ініцыяваць разгляд гэтых пытанняў на найбліжэйшым пасяджэнні Камісіі фінансавага нагляду Польшчы, у кіраўніцтва якой уваходзіць прадстаўнік Нацыянальнага банка Польшчы.
У ходзе сустрэчы прадстаўнікі Дэпартамента прадставілі даклад «Жыццё і эканамічная сітуацыя мігрантаў з Беларусі ў Польшчы», заснаваны на даных апытання, праведзенага Нацыянальным банкам Польшчы ў 2025 годзе.
Яны адзначылі, што даследаванне паказала: беларускія мігранты ў Польшчы ў сярэднім з’яўляюцца адной з самых адукаваных і прадпрымальных груп замежнікаў, другой па колькасці (не менш за 146 тысяч) пасля ўкраінцаў. Каля 62% рэспандэнтаў маюць вышэйшую адукацыю, 14% займаюцца прадпрымальніцтвам. Большасць беларусаў (56%) эмігравалі з-за нездавальняльнай палітычнай сітуацыі ў Беларусі і з-за страху рэпрэсій.
Павел Латушка падзякаваў Дэпартаменту статыстыкі за прадстаўлены для грамадскага азнаямлення даклад, а таксама звярнуўся з прапановамі па дадатковых пытаннях у планаваны Нацыянальным банкам Польшчы на 2026 год новы этап даследавання жыцця беларусаў у Польшчы, паведамілі ў прэс-службе АПК.
