Латушка: Голас Украіны ў прыцягненні прадстаўнікоў рэжыму да адказнасці вельмі важны

Навіны
Фото: ОПК

Голас Украіны ў прыцягненні прадстаўнікоў рэжыму да адказнасці вельмі важны. Пра гэта заявіў намеснік кіраўніцы АПК Павел Латушка падчас візіту ва Украіну. Сёння Кіеў наведвае Святлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі АПК.

«Для мяне гэты візіт важны з пункту гледжання дэманстрацыі нашай салідарнасці з Украінай і з украінскім народам, які змагаецца за сваю свабоду і тэрытарыяльную цэласнасць ужо пяты год поўнамаштабнай агрэсіі», – адзначыў Латушка, перадае АПК.

Латушка адзначыў, што плануе падчас візіту ў першую чаргу надаць увагу пытанням прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці.

«Беларусы, якія хочуць свабоднай краіны, таксама на баку ўкраінцаў. Нашы героі змагаюцца на лініі фронту.

Падчас знаходжання ў Кіеве планую правесці асобную сустрэчу з дырэктарам Дэпартамента міжнароднага права і міжнародна-прававога супрацьдзеяння агрэсіі МЗС Украіны Антонам Карыневічам.

Гэтая сустрэча адбудзецца ў развіццё папярэдніх сустрэч, планую абмеркаваць магчымую дапамогу з нашага боку, з боку Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і НАУ, у пытаннях збору доказаў для перадачы пракурору Міжнароднага крымінальнага суда ў межах расследавання, якое ўжо вядзецца па факце незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь.

Намі ўжо былі прадстаўленыя два вялікія аб’ёмы матэрыялаў. Я асабіста сустракаўся са старэйшым следчым пракурора Міжнароднага крымінальнага суда, падчас чаго перадаў матэрыялы пракурору МКС. Таксама адпаведныя матэрыялы працэсуальна мы перадавалі Генеральнаму пракурору Украіны.

Другі кірунак, які я хацеў бы абмеркаваць, — гэта падтрымка з нашага боку стварэння Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны. НАУ на дадзены момант збірае доказы, якія мы, вядома ж, будзем перадаваць як Генеральнаму пракурору Украіны, так і пракурору будучага Спецтрыбунала, які будзе створаны ў найбліжэйшы час у Гаазе.

Асобна важнай для мяне стане тэма магчымай падтрымкі Украінай расследавання злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа. Як вы ведаеце, дадзенае расследаванне з сакавіка таксама вядзе пракурор Міжнароднага крымінальнага суда. І дзясяткі тысяч беларусаў пасля 2020 года былі вымушаныя пакінуць тэрыторыю краіны і выехаць ва Украіну, што з пункту гледжання міжнароднага права з’яўляецца дэпартацыяй.

Украіна не так даўно падпісала Рымскі статут і стала сябрам Міжнароднага крымінальнага суда. Яе голас у гэтым расследаванні таксама вельмі важны для нас.

Асобна ў мяне запланавана сустрэча ў Офісе Прэзідэнта Украіны з упаўнаважаным Прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіславам Власюком, дзе я перадам канкрэтныя прапановы па ўзмацненні сектаральных і персанальных санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

Мы і да гэтага ўзаемадзейнічалі з Украінай па санкцыйнай тэматыцы. Спадзяюся, што гэтая сустрэча надасць гэтаму супрацоўніцтву яшчэ большую эфектыўнасць», – распавёў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.