Беларусь можа кратна павялічыць кантэйнерныя перавозкі з Кітая ў Еўропу. У Брэсце адбылася рабочая сустрэча БЧ з дэлегацыяй кітайскіх кампаній «Sinotrans Co., Ltd.» і ЗАТ «Чайна Мерчантс СіЭйчЭн-БіЭлАр Камерцыйная і Лагістычная кампанія».
Дэлегацыю беларускай магістралі ўзначаліў кіраўнік дзяржаўнага аб’яднання «Беларуская чыгунка» Валерый Вярэніч. З боку кампаніі «Sinotrans Co., Ltd.» – старшыня савета дырэктараў Чжан І, ад ЗАТ «Чайна Мерчантс СіЭйчЭн-БіЭлАр Камерцыйная і Лагістычная кампанія» у сустрэчы прыняў удзел генеральны дырэктар Се І.
“Для кітайскіх партнёраў было арганізавана наведванне кантэйнернага тэрмінала станцыі Брэст-Паўночны, падчас якога праведзена дэталёвая прэзентацыя тэхнічных і тэхналагічных магчымасцяў як самога тэрмінала, так і Брэсцкага чыгуначнага вузла ў цэлым.
Начальнік дзяржаўнага аб’яднання «Беларуская чыгунка» Валерый Вярэніч акцэнтаваў увагу на тым, што на беларускай магістралі маюцца дастатковыя рэзервы для кратнага павелічэння аб’ёмаў перавозак з Кітая ў Еўропу праз Рэспубліку Беларусь, у тым ліку магчымасць задзейнічання ўсіх беларуска-польскіх памежных чыгуначных пераходаў”, – гаворыцца ў паведамленні.
Бакі абмеркавалі актуальныя пытанні супрацоўніцтва, павелічэнне аб’ёму грузаперавозак, выкарыстанне кантэйнернага чыгуначнага тэрмінала, які будуецца на тэрыторыі індустрыяльнага парка «Вялікі камень».
У Брэсце быў падпісаны Мемарандум аб стратэгічным партнёрстве паміж дзяржаўным прадпрыемствам «БЕЛІНТЭРТРАНС» і ЗАТ «Чайна Мерчантс СіЭйчЭн-БіЭлАр Камерцыйная і Лагістычная кампанія».