Старшыня прэзідыума Акадэміі навук Беларусі Уладзімір Каранік не выключае, што беларускія і расійскія навукоўцы могуць стварыць сумесную моўную мадэль штучнага інтэлекту.
“Напрацоўкі ў галіне штучнага інтэлекту вядуцца расійскімі і беларускімі навукоўцамі. Мы абменьваемся атрыманымі вынікамі, але не спрабуем канкурыраваць з вядомымі мадэлямі. Асноўная задача — гэта прыкладная.
Штучны інтэлект, менавіта прыкладныя моўныя мадэлі, якія будуць выкарыстоўвацца ў праектаванні, канструяванні, машынабудаванні, аналізе вялікіх даных. То-бок мы канцэнтруемся на распрацоўцы прыкладных рашэнняў, якія выкарыстоўваюць моўныя мадэлі з адкрытым кодам. І ў гэтым напрамку вядзецца актыўная праца. Не выключаю, што з часам прыйдзем да з’яўлення сваёй моўнай мадэлі, якая будзе распрацаваная сумесна з расійскімі і беларускімі навукоўцамі”, — сказаў ён перад сумесным пасяджэннем прэзідыумаў беларускай і расійскай Акадэмій навук, перадае БелТА.
Ён дадаў, што галоўнай задачай з’яўляецца забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту.
“Арганізаваць выпуск на нашай тэрыторыі мікраэлектронікі, якая неабходная для забеспячэння тэхпрацэсаў. Гэта мікрасхемы, якія неабходныя для працы тэхналагічнага абсталявання, для касмічных даследаванняў, авіяцыі. Таму работы вядуцца ў некалькіх напрамках. Гэта, натуральна, напрацоўка кампетэнцый, каб асвойваць новыя тэхпрацэсы. Гэта і спецыялізаваныя лазеры, фатарэзісты, малатанажная звышчыстая хімія. Думаю, што ў найбліжэйшыя гады ў нас атрымаецца забяспечыць неабходным абсталяваннем і мікрасхемамі крытычныя тэхналогіі нашых краін”, — сказаў ён.
Паводле яго слоў, на пасяджэнні таксама абмяркоўваюцца мегасайенс-праекты, сумесны доступ беларускіх навукоўцаў да найбуйнейшых даследчых праектаў у галіне фундаментальнай навукі, падрыхтоўка навуковых кадраў.
