Грамадзянам Беларусі сталі часцей адмаўляць ва ўездзе ў Ізраіль. Пра гэта паведаміла пасольства нашай краіны ў Ізраілі. Дыпламатычнае прадстаўніцтва таксама апублікавала тлумачэнне ізраільскіх патрабаванняў да тых, хто ўязджае, і пералічыла абставіны, якія часцей за ўсё ўлічваюцца прымаючым бокам пры прыняцці рашэння аб пропуску праз мяжу.
Бязвізавы рэжым паміж Беларуссю і Ізраілем дазваляе знаходзіцца на тэрыторыі краін да 90 дзён на працягу кожнага перыяду 180 дзён. Пры гэтым паездкі могуць ажыццяўляцца толькі з турыстычнай, гасцявой або кароткатэрміновай дзелавой мэтай.
“Перад паездкай неабходна аформіць дазвол праз сістэму абавязковага папярэдняга паведамлення (ETA-IL) Упраўлення па справах рэгістрацыі насельніцтва і іміграцыі Ізраіля. Варта ўлічваць, што названы дазвол не з’яўляецца гарантыяй уезду, а пацвярджае права на прыбыццё да пункта пропуску. Канчатковае рашэнне аб допуску на тэрыторыю краіны прымаецца пагранічнай службай”, – гаворыцца ў паведамленні пасольства.
У ім падкрэслілі, што пры запаўненні анкеты трэба ўважліва і дакладна ўказваць усе звесткі, бо любыя разыходжанні паміж раней пададзенай інфармацыяй і адказамі на мяжы могуць стаць падставай для адмовы ва ўездзе.
У пасольстве нагадалі, што працаваць у Ізраілі можна толькі пры наяўнасці рабочай візы. Спробы выкарыстаць турыстычную паездку для пошуку працы з’яўляюцца адной з асноўных прычын адмовы.
Пасольства рэкамендуе загадзя падрыхтаваць пацвярджэнне браніравання і аплаты пражывання, зваротны білет, медыцынскую страхоўку, дастатковыя фінансавыя сродкі на ўвесь тэрмін знаходжання, а таксама дакладнае разуменне мэты паездкі, маршруту і тэрмінаў знаходжання ў краіне. Фінансавыя сродкі павінны быць сувымерныя працягласці і характару заяўленай паездкі. У выпадку прыватнага візіту мэтазгодна мець пісьмовае запрашэнне прымаючага боку, копію дакумента, які сведчыць асобу, і кантактныя даныя асобы, што запрашае. Таксама ізраільскія пагранічнікі могуць запытаць інфармацыю аб наяўнасці пастаяннай працы або вучобы ў Беларусі, іншых сувязях з краінай.
“У гэтай сувязі рэкамендуецца мець магчымасць пацвердзіць наяўнасць такіх сувязяў (даведка з месца працы, пацвярджэнне навучання, дакументы аб уласнасці, звесткі аб сямейным становішчы і інш.). Адсутнасць устойлівых сувязяў з дзяржавай пастаяннага пражывання можа разглядацца як фактар павышанай міграцыйнай рызыкі”, – гаворыцца ў паведамленні.
Таксама адзначаецца, што пагранічнікі надаюць асаблівую ўвагу выпадкам частых паездак і працяглага знаходжання на тэрыторыі Ізраіля. Гэта можа выклікаць дадатковыя пытанні аб рэальнай мэце паездкі.
“Грамадзянін Рэспублікі Беларусь прыбыў для наведвання знаёмага. Падчас праверкі былі ўдакладнены статус прымаючага боку, адрас пражывання і абставіны знаёмства. Выяўленыя неадпаведнасці паміж звесткамі, указанымі ў анкеце ETA-IL, і адказамі пры праходжанні пагранічнага кантролю сталі падставай для адмовы ва ўездзе, нягледзячы на наяўнасць запрашэння. У шэрагу выпадкаў да канчатковага афармлення статусу прымаючага боку ўезд магчымы толькі пры наяўнасці спецыяльнага дазволу кампетэнтных органаў Ізраіля, уключаючы выпадкі ўезду непаўналетніх”, – распавялі ў пасольстве.
Аналагічныя падыходы прымяняюцца пры наяўнасці двух грамадзянстваў. Да афармлення афіцыйнага статусу ў Ізраілі грамадзянін Беларусі не мае права запрашаць членаў сваёй сям’і або сяброў.
У пасольстве таксама рэкамендуюць для пілігрымскіх паездак звяртацца ў Паломніцкі аддзел Мінскай Епархіі або Паломніцкі аддзел Рускай духоўнай місіі ў Ізраілі.
