Генпракуратура накіравала ў Вярхоўны суд крымінальную справу ў дачыненні да былога генеральнага дырэктара аднаго са сталічных прадпрыемстваў харчовай прамысловасці. Ён абвінавачваецца ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў і атрыманні хабару паводле ч. 3 арт. 426, ч. 2 арт. 430 Крымінальнага кодэкса.
Паводле версіі абвінавачання, гендырэктар для атрымання дзяржпадтрымкі праекта па стварэнні імпартазамяшчальнай вытворчасці па перапрацоўцы сыравіны даў указанне ўнесці ў бізнес-план праекта заведама ілжывыя звесткі пра інвестыцыйныя капітальныя выдаткі і паказчыкі эканамічнай эфектыўнасці.
“Падначаленая работніца выканала яго ўказанні, пасля чаго ён зацвердзіў пяць рэдакцый бізнес-плана з недакладнымі данымі, а таксама забяспечыў іх прадстаўленне ў дзяржаўныя органы для атрымання права фінансавання са сродкаў спецыяльнага фонду мясцовага выканаўчага і распарадчага органа”, – гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.
Далей выдзеленыя сродкі абвінавачаны накіраваў на аплату паставак ад замежнай кампаніі па кантракце, які быў заключаны ў лістападзе 2023 года пасля правядзення працэдуры дзяржзакупак з парушэннем антыманапольных нормаў. Шкода ацэнена ў 22,8 млн рублёў.
Таксама, паводле версіі абвінавачання, у 2023-2024 гадах абвінавачаны за мяжой, а таксама ў Мінску за некалькі разоў прыняў для сябе і для блізкіх “матэрыяльныя каштоўнасці на агульную суму не менш за 19,4 тыс. рублёў”. Гэта была плата за перамогу ў электронным аўкцыёне.
Абвінавачаны застаецца пад вартай. Таксама яму прад’яўлены пазоў у суме нанесенай шкоды на 22,8 млн рублёў.
