Free Belarus Center прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем». Рашэнне КДБ датавана 15 студзеня. Сёння яно ўнесена ў адпаведны спіс, які вядзе МУС.
«Група грамадзян, якія ўваходзяць у экстрэмісцкае фарміраванне „Free Belarus Center“, ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць», — гаворыцца ў рашэнні.
Free Belarus Center — гэта незалежная грамадзянская ініцыятыва, створаная для забеспячэння міжнароднай рэакцыі на рэпрэсіі і аказання гуманітарнай падтрымкі людзям, вымушаным пакінуць Беларусь. Пасля падзей 2020 года цэнтр аказваў дапамогу беларускім актывістам і актывісткам у Кіеве. У 2022 годзе ён адкрыў офіс у Варшаве. Цяпер цэнтр працуе ў дзвюх краінах.
У пераліку МУС указана, што дачыненне да цэнтра маюць Марта Скугарава, Альвіна Мінгазава, Паліна Бродзік і Іван Маразько. У пералік дададзены акаўнты ў Facebook, Instagram, Telegram, YouTube.
Free Belarus Center стаў 325-м па ліку «экстрэмісцкім фарміраваннем».
Нагадаем, абвінавачанні ў экстрэмізме выкарыстоўваюцца ў Беларусі для барацьбы з апанентамі Лукашэнкі і іншадумствам у цэлым.
