Еўразвяз падрыхтаваў новы рэжым санкцый супраць Беларусі. Журналіст RFE/RL Рыкард Ёзвяк азнаёміўся з праектам дакумента.
Паводле яго інфармацыі, ён дазволіць ЕС уводзіць санкцыі ў дачыненні да асоб і арганізацый, якія пагражаюць «суверэнітэту або незалежнасці аднаго або некалькіх яго дзяржаў-членаў».
Санкцыі будуць датычыцца асоб, якія ўдзельнічаюць у «планаванні, кіраўніцтве, удзеле, прамым або ўскосным, падтрымцы або іншым садзейнічанні любым дзеянням, накіраваным на падрыў функцыянавання дэмакратычных інстытутаў, эканамічнай дзейнасці або паслуг, што ўяўляюць грамадскі інтарэс».
Да такіх дзеянняў будуць адносіцца «несанкцыянаванае пранікненне на тэрыторыю дзяржавы-члена, уключаючы яго паветраную прастору», а таксама «парушэнне функцыянавання крытычна важнай інфраструктуры».
RFE/RL адзначае, што дадзены рэжым можа быць ухвалены краінамі ЕС яшчэ да Калядаў. Ён быў прапанаваны Літвой у адказ на пагрозу метэазондаў.
Аднак гэта не адзіная прапанова, якая разглядаецца ў ЕС па ініцыятыве Літвы. Вільня прапанавала поўную забарону на транзакцыі ў дачыненні да 10 беларускіх банкаў, а таксама на імпарт азотных угнаенняў, рапсавага алею і солі.