Аўтаперавозчыкі будуць перадаваць звесткі пра пасажыраў, якія едуць за мяжу, у адзіную дзяржсістэму
Рэдакцыя Reform.news · 9 верасня 2026, 07:35
https://reform.news/be/a-taperavozchyki-buduc-peradavac-zvestki-pra-pasazhyra-jakija-educ-za-mjazhu-u-adzinuju-dzjarzhsistjemu/Аўтаперавозчыкі, якія выконваюць рэйсы, што прадугледжваюць перасячэнне дзяржмяжы, будуць абавязаныя перадаваць звесткі пра пасажыраў у адзіную дзяржаўную інфармацыйную сістэму продажу праязных дакументаў на аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах. Гэта прадугледжана пастановай Мінтранса №34 ад 1 ліпеня, якая сёння апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Палажэнне, якое тычыцца аўтаперавозчыкаў, набывае моц з 1 кастрычніка 2027 года. У адзіную сістэму будуць перадавацца прозвішча, імя, імя па бацьку пасажыра, звесткі пра яго пол, дату нараджэння, даныя пра грамадзянства, назва і нумар дакумента, на падставе якога набыты білет.
Пастанова таксама змяшчае палажэнні аб перадачы звестак пра пасажыраў суб’ектамі, якія ажыццяўляюць міжнародныя авія- і чыгуначныя перавозкі. Падобная практыка ўжо існуе.
Звесткі з сістэм продажу білетаў змогуць атрымліваць органы памежнай службы і іншыя дзяржорганы, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць.
