Пасол МЗС Украіны па асаблівых даручэннях Яраслаў Чарнагор павіншаваў беларусаў з днём вайсковай славы і расказаў пра сваю дзейнасць на пасадзе і супрацоўніцтва з беларускімі дэмсіламі.
«Сёння 8 верасня, і многія адзначаюць сёння гадавіну бітвы пад Оршай, падчас якой у 1514 годзе аб’яднаныя сілы Вялікага Княства Літоўскага, у склад якога тады ўваходзілі ўкраінскія землі, разам з літоўскімі, польскімі і тады рускімі, а цяпер гэта ўкраінскі і беларускі народы, прадстаўнікі якіх нанеслі сур’ёзнае паражэнне маскоўскаму войску.
Таму ў асяроддзі беларускіх дэмакратычных сіл, беларускіх добраахвотнікаў гэты дзень адзначаецца як дзень беларускай вайсковай славы. Я думаю, што гэта такі дзень, да якога і мы маем дачыненне. І рады вітаць і нашых беларускіх пабрацімаў, якія ваююць на баку Украіны, і ўвогуле павіншаваць грамадства з тым, што ў нашай гісторыі ёсць такія выпадкі, калі мы даволі ўдала маглі нанесці паражэнне маскоўскім войскам», — заявіў Чарнагор на брыфінгу ў МЗС Украіны 8 верасня.
Чарнагор таксама коратка праінфармаваў пра сваю працу на пасадзе пасла па асаблівых даручэннях. Ён заявіў, што нядаўняя камунікацыя з беларускімі дэмсіламі і шэраг наступных крокаў даюць «стрыманы аптымізм, што на беларускім напрамку ў будучыні нас чакае ўсё ж добры дэмакратычны транзіт, які пазбавіць нас ад небяспекі з поўначы».
Паводле слоў Чарнагора, пасля візіту Святланы Ціханоўскай у Кіеў быў прыняты шэраг рашэнняў па пэўных напрамках, па якіх цяпер вядзецца праца з беларускімі дэмсіламі.
«Гэта тычыцца як фіксавання ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны, фіксацыі ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў справе аб выкрадзеных украінскіх дзецях, а таксама ўдзелу дыктатара з Мінска ў падтрымцы расійскай ваеннай машыны. Па гэтых напрамках праводзіцца збор інфармацыі, ідзе аналіз і перадача ў адпаведныя органы санкцыйнага і абароннага характару», — заявіў пасол.
Таксама МЗС рыхтуе дакументы стратэгічнага характару ў дачыненні да Беларусі і ўзаемадзеяння з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
